«Першы канал» назваў «халатнасьцю» падпал травы дзеля рэпартажу

Прэс-служба расейскага «Першага каналу» пацьвердзіла, што інфармацыя аб падпале карэспандэнтам Міхаілам Акінчанкам травы ў Хакасіі дзеля рэпартажу адпавядае рэчаіснасьці. Пра гэта піша «Камэрсант».

«Мы прызнаем, што супрацоўнікам каналу была дапушчана халатнасьць. Удзельнікі гэтага інцыдэнту будуць пакараныя. Прыносім свае прабачэньні», - сказалі ў прэс-службе.

Разам з тым, звальняць журналіста тэлеканал ня мае намеру, паведаміў у інтэрвію РСН намесьнік гендырэктара каналу Кірыл Кляйменаў.

На журналіста Міхаіла Акінчанку ў паліцыю паскардзілася жыхарка Шырынскага раёну Хакасіі, якая ўбачыла, як ён кінуў на зямлю недапалак, з-за чаго загарэлася трава. Карэспандэнта даставілі ў АУС для дачы тлумачэньняў, і ён заявіў, што ўчыніў падпал «каб зьняць фон».

Цяпер паліцыя праводзіць праверку па дадзенай справе. Яе матэрыялы па завяршэньні будуць накіраваныя ў Санкт-Пецярбург, па месцы жыхарства Акінчанкі.

Буйныя пажары ў Сібіры працягваюцца ўжо некалькі тыдняў. Іх ахвярамі сталі 34 чалавекі, больш за сем тысяч пацярпелі. Прычынамі пажараў афіцыйныя асобы, акрамя неспрыяльных умоў надвор'я, называлі «несанкцыянаваныя сельскагаспадарчыя падпалы і спальваньне сьмецьця на прыватных падворках».

Адзін з рэпартажаў Міхаіла Акінчанкі: