Міжнародная кааліцыя нанесла авіяўдары па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы»

Кааліцыя дастаўляе у раёны баявых дзеяньняў ваду і прадукты харчаваньня. На здымку - кантэйнэры з вадой на палубе самалёта

Аб’яднаныя сілы міжнароднай кааліцыі, якія вядуць апэрацыю супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», 17 і 18 красавіка нанесьлі па пазыцыях суперніка ў Сырыі і Іраку два дзясяткі авіяўдараў.

У заяве камандаваньня кааліцыі гаворыцца, што ў Сырыі нанесеныя сем удараў з ужываньнем штурмавой і бамбавальнай авіяцыі, яшчэ трынаццаць удараў нанесеныя штурмавой авіяцыяй і бесьпілётнымі апаратамі ў Іраку.

Ірацкія ўлады заяўляюць, што 18 красавіка вярнулі сабе кантроль над большай часткай нафтаперапрацоўчага завода ў Байджы на поўначы Іраку, адбіўшы частку аб’ектаў прадпрыемства ў атрадаў ісламістаў.