Што будзе, калі Іран атрымае сыстэмы С-300?

Зэнітна-ракетныя комплексы, разгорнутыя падчас ваенных вучэньняў на Балтыйскім флёце ВМФ Расеі ў Калінінградзкай вобласьці, 30 студзеня 2015 году

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін зьняў забарону на продаж зэнітна-ракетных комплексаў С-300 Ірану, што дазволіць гэтай краіне атрымаць адну з самых дасканалых у сьвеце сыстэмаў для зьбіваньня вышынных лятальных апаратаў і крылатых ракет.

Як адзначае ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» адстаўны генэрал ВПС ЗША Дэвід Дэптула (былы намесьнік начальніка штаба авіяцыйнай выведкі ВПС), сыстэма валодае ня толькі магутнымі ракетамі, але і высокаэфэктыўнымі радарамі.

«Яна можа адсочваць да 100 мэтаў адначасова. Яна можа перамяшчацца і зьнішчаць мэты на адлегласьці да 130 км і на вышыні больш за 900 мэтраў. Яна можа адсочваць і паражаць мэты на ўзроўні ад 6-9 мэтраў над зямлёй і перамяшчацца з хуткасьцю, якая ў шэсьць разоў перавышае хуткасьць гуку», — распавядае ён.

С-300 — высокамабільная сыстэма

Па словах аналітыка Унівэрсытэта Джорджа Вашынгтона Івана Олрыча, у сыстэмы ёсьць і яшчэ адна перавага:

«Адной зь перавагаў такіх сыстэмаў, як С-300, зьяўляецца іх высокая мабільнасьць. Яны могуць некаторы час працаваць з адной кропкі, напрыклад, усяго 20-30 хвілінаў, а потым можна ўсё сабраць, пагрузіць на грузавікі і перавезьці на новае месца, зноўку ўсталяваць за 5-6 хвілінаў і зноў пачаць працу».

Як адзначае Грэг Тылман з Асацыяцыі па кантролі над узбраеньнямі, у іранцаў вялікі досьвед працы з ракетамі клясу «зямля-паветра».

«Паколькі патэнцыял у галіне паветраных судоў з нязьменнай геамэтрыяй крыла ў іх невялікі — яны даўно не абнаўлялі парк і да гэтага часу карыстаюцца некаторымі самалётамі, набытымі яшчэ пры шаху — актыўна выкарыстоўваюцца ракеты „зямля-паветра“. Іх ўжывалі для абароны ў час вайны з Іракам», — распавядае экспэрт.

С-300 можа абараніць ад авіяўдараў

Па словах генэрала Дэптула, Іран можа разьмясьціць сыстэмы С-300 вакол сваіх атамных электрастанцыяў, што «істотна ўскладніць разьлікі пры плянаваньні любой ваеннай апэрацыі з выкарыстаньнем авіяўдараў».

Ізраіль ня раз пагражаў нанесьці ваенны ўдар па ядзерных аб’ектах Ірану, каб перашкодзіць Тэгерану стварыць атамную бомбу. Злучаныя Штаты таксама заяўляюць, што «разглядаюць усе варыянты», — гэты эўфэмізм, па сутнасьці, азначае, што магчымасьць ваеннага ўдару ня выключаная.

У 2007 годзе Расея падпісала з Тэгеранам пагадненьне на пастаўку сыстэмаў С-300, аднак у 2010 годзе зьдзелка была адкладзеная пад ціскам з боку заходніх краінаў пасьля прыняцьця жорсткіх санкцыяў у дачыненьні да Ірану Радай Бясьпекі ААН.

Цяпер жа Масква вырашыла ўсё ж такі ажыцьцявіць зьдзелку. Па словах расейскіх уладаў, такое рашэньне зьвязанае з прагрэсам на нядаўніх перамовах паміж Іранам і шасьцёркай краінаў-пасярэднікаў па ядзернай праграме Тэгерану. Улады ЗША назвалі гэтае рашэньне «неканструктыўным» і «няўдалым».

Продаж С-300 не парушае санкцыі

Як адзначае Тылман, продаж С-300 Ірану не парушае дзейны рэжым міжнародных санкцыяў.

«Калі ў 2010 годзе Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю аб значна больш жорсткіх санкцыях, у ёй быў пункт, які па сутнасьці забараняе продаж „цяжкіх узбраеньняў“, што мае на ўвазе буйнакаліберныя артылерыйскія сыстэмы, баявыя лятальныя апараты, штурмавыя верталёты, ваенныя караблі і некаторыя віды ракет. Аднак у апісаньне ракет не былі ўключаныя ракеты „зямля-паветра“» , — тлумачыць ён.

Па словах Тылмана, прадаючы Ірану сыстэмы С-300, Расея ня робіць нічога, што супярэчыла б яе міжнародным абавязацельствам.