Ужо сёньня, 3 красавіка: Гадавіна пачатку масавых расстрэлаў палонных польскіх афіцэраў у Катыні

Баранавічы. Лядовы палац. Аўтар Сяргей Платоненка

Падзеі і даты новага дня.
Фота дня:

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Менск. «Прэс-клюб Беларусь» запрашае на майстар-кляс Каці Гарчынскай, намесьніцы галоўнага рэдактара вядучай англамоўнай газэты ва Ўкраіне The Kyiv Post, карэспандэнта The Wall Street Journal, The Financial Times. У ходзе майстар-клясу будуць пакрокава прадстаўлены адрозьненьні пабудовы тэкстаў у заходніх СМІ ад беларускіх, разабраны асноўныя прынцыпы пабудовы артыкулу па заходніх стандартах. Майстар-кляс адбудзецца з 14.00 да 19.00.

Менск. Штогадовая беларуская канфэрэнцыя Hacks/Hackers Minsk — нефармальная дыскусійная пляцоўка для абмену вопытам, творчага ўзаемадзеяньня журналістаў (hacks) і IT-спэцыялістаў (hackers).

Бішкек (Кіргізстан). У Дзяржаўнай рэзыдэнцыі «Ала-Арча» адбудзецца пасяджэньне Савету міністраў замежных справаў СНД. Пачатак у 13.40.

У гісторыі:

1793 — створаная Менская губэрня.

1922 — Іосіф Сталін быў выбраны генэральным сакратаром Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў).

1940 — чорная дата ў гісторыі сталінскага СССР. У гэты дзень аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні.

1981 — у Менску заснаваны Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Пасьля шматгадовага існаваньня 1 красавіка летась музэй афіцыйна перайшоў у разрад філіі Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры.

1991 — у Менску пачаўся страйк работнікаў менскіх заводаў з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі.

2008 — з 2 на 3 красавіка ў Менску была пасьпяхова праведзеная першая ў Беларусі апэрацыя перасадкі нырак.

У памяці:

1885 — нарадзіўся Барыс Вількіцкі, дасьледчык Арктыкі, гідрограф-геадэзіст беларускага паходжаньня.

1937 — нарадзіўся Іван Антановіч, беларускі палітык і дыплямат, прафэсар філязофіі. Быў загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ. Паводле Алеся Адамовіча, яму належыць фраза: «Калі ў выніку ядзернай вайны паміж СССР і ЗША на плянэце застанецца толькі адзін чалавек — галоўнае, каб гэта быў наш, савецкі чалавек». Пры Лукашэнку займаў пасаду міністра замежных спраў.

1973 — памёр Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу.

1980 — памёр Леанід Галяк, юрыст, журналіст, дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

2003 — памер Алег Табола, удзельнік маладзёвага антысавецкага падпольля ў Глыбокім, вязень ГУЛАГу.

Цытата:

Калі ў выніку ядзернай вайны на зямлі застанецца толькі адзін чалавек. Самае галоўнае, каб гэта быў наш, коска, савецкі чалавек.

Іван Антановіч (у пераказе Алеся Адамовіча)