Адам Міхнік: Украіна стала для рэжыму Пуціна «другім Аўганістанам»

Адам Міхнік

Тое, што ўкраінская армія спыніла ўварваньне Расеі, зьяўляецца другой паразай Масквы пасьля Аўганскай вайны. Такую заяву зрабіў польскі праваабаронца, былы дысыдэнт і цяпер галоўны рэдактар выданьня Gazeta Wyborcza Адам Міхнік. Ён выступіў у эфіры тэлеканалу TVN24.

Паводле Міхніка, «Украіна спыніла нашэсьце Пуціна». СССР урываецца ў Вугоршчыну і Чэхаславаччыну, усталяваўшы там свой рэжым, але яму не ўдалося зрабіць гэта ў Аўганістане. Украіна, паводле Міхніка, стала для Расеі «другім Аўганістанам».

Выступаючы на польскім тэлеканале, Міхнік адзначыў, што прэзыдэнт Расеі сам загнаў сябе ў пастку. Першай памылкай Пуціна, як лічыць праваабаронца, быў ціск на Віктара Януковіча з мэтай ня даць прэзыдэнту Ўкраіны падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Другой памылкай Пуціна, — сказаў Міхнік, — стала ўпэўненасьць расейскага прэзыдэнта ў тым, што ўкраінцаў можна зламаць сілай. І трэцяй памылкай крамлёўскага лідэра, паводле Адама Міхніка, стаў разьлік на тое, што НАТА і ЭЗ ня стануць рэагаваць на канфлікт Масквы з Кіевам, а значыць, Расея зможа лёгка заняць усход Украіны, як і Крым.

Галоўны рэдактар польскага выданьня Gazeta Wyborcza Адам Міхнік лічыць, што цяпер расейскі прэзыдэнт аказаўся ў ізаляцыі, таму што Пуціну ніхто ня верыць.

Адам Міхнік ацаніў цяперашні палітычны рэжым у Расеі як «гнілы аўтарытарызм».

Паводле TVN24