У інтэрвію Радыё Свабода цяперашні палітычны эмігрант Альфрэд Кох, віцэ-прэм’ер ураду Расеі напрыканцы 1990-х, падзяліўся меркаваньнямі пра забойства Барыса Нямцова, палітыку Ўладзіміра Пуціна і ўнутраную ды зьнешнюю сытуацыю Расеі.
Пра сьледзтва ў справе Нямцова:
«Яны хочуць намацаць тую вэрсію, якая ў большай ступені задаволіць электарат. Я сёньня напісаў у „Фэйсбуку“, што сьледзтва трэба перадаць са Сьледчага камітэту „Левадзе“, каб ён правёў апытаньне грамадзкай думкі і спытаў: якую вэрсію вы хочаце? Якая пераможа, тую і прапануюць».
Пра «рыторыку рускай палітыкі»:
«Сьвет пайшоў ужо далей, мы ўсё круцімся ў гэтым коле стогадовай даўнасьці. Зноў жа ў гэтай жа парадыгме — тэрытарыяльныя заваёвы, сакральнае значэньне нейкіх тэрыторый, асьветы. Вы заўважылі, што ўся рыторыка рускай палітыкі, рускай мэнтальнасьці круціцца не вакол народу, а вакол тэрыторый. Калі стацыянарная нармальная дзяржава, я ўжо не кажу, азіяцкая ці эўрапейская, выбіраючы паміж тэрыторыяй і народам, заўсёды выбірае народ і гатовая ахвяраваць тэрыторыямі дзеля народу, то руская дзяржава гатова ахвяраваць народам дзеля тэрыторый».
Пра сёньняшні стан расейскага народу:
«Ёсьць пэрыяды, калі народ сьпіць, ёсьць пэрыяды, калі народ апантаны нейкай дэбільнай ідэяй, знаходзіцца ў паўгістэрычным стане патрыятычнага шалу. У гэты момант з гэтымі людзьмі бессэнсоўна пра нешта размаўляць, як з п’яным. Што зь ім размаўляць, трэба пачакаць, калі ён прасьпіцца, тады яму распавядзеш, што ён учора вычвараў. А цяпер, што яго ўгаворваць — ідыёт, напіўся ўшчэнт, буяніць».
Пра вайну ва Ўкраіне:
«Я думаю, што ключавым фактарам, які спыніў Пуціна, безумоўна зьяўляецца ціск з боку Захаду, а ніяк не супраціў украінскай арміі, якая цэлы месяц адмаўлялася прызнаць відавочны факт, што ў іх палова арміі апынулася ў акружэньні пад Дэбальцавам».
Пра «стратэгічны» пройгрыш Пуціна:
«Стратэгічна Пуцін усё роўна прайграў. Таму што, зрабіўшы стаўку на вуглевадароды, ён увайшоў у спаборніцтва з навукова-тэхнічным прагрэсам. А тыя, хто спаборнічае з прагрэсам, заўсёды прайграюць, яшчэ ніхто ў прагрэсу ня выйграў спаборніцтва.
Ці хопіць яго на наша пакаленьне? Можа быць, хопіць, а можа, і ня хопіць, прагрэс ідзе хуткімі тэмпамі. Вы пытаеце, ці доўга працягнецца пуцінскі рэжым, я адказваю, што да таго часу, пакуль у яго ёсьць нафтадаляры. Нафтадаляры — рэч, якая скончыцца, прагрэс усё роўна прыбярэ з энэргабалянсу такую колькасьць вуглевадародаў, якая цяпер у ім прысутнічае».
Інтэрвію цалкам: