Бяляцкі: Улады выбіваюць журналістаў і праваабаронцаў зь перадвыбарчага працэсу

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі на сваёй публічнай старонцы ў Facebook пракамэнтаваў апошнія факты перасьледу журналістаў і праваабаронцаў у Магілёве, паведамляе Вясна.

«12 сакавіка адбыўся вобшук у памяшканьні, дзе месьцяцца рэдакцыя газэты „Наш Магілёў“ і філія ПЦ „Вясна“, у аўторак, 17 сакавіка, у абласным судзе — працэс па ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтру.

Відавочна, што гэтыя падзеі зьвязаныя паміж сабою. Прэтэнзіі, якія абласныя ўлады мелі да незалежных журналістаў і да праваабаронцаў, зараз пачалі набываць форму канкрэтнага перасьледу з мэтай запалохаць, спыніць журналісцкую актыўнасьць і пазбавіць адзіную зарэгістраваную абласную праваабарончую арганізацыю легальных правоў для дзейнасьці.

Гэта сплянаваная акцыя. Перасьлед праваабаронцаў і журналістаў набывае пастаянны характар. Яшчэ зусім нядаўна з краіны была высланая праваабаронца Алена Танкачова, у рэгіёнах ідуць адміністрацыйныя працэсы супраць журналістаў, якія працуюць на незалежныя СМІ. Такім чынам улады рыхтуюцца да выбараў. Яны спрабуюць выбіць журналістаў і праваабаронцаў з перадвыбарчага і выбарчага працэсу з тым, каб як мага меней інфармацыі пра парушэньні падчас выбараў, пра тое, як выбары праходзяць, даходзіла да людзей, да міжнароднай грамадзкасьці», — напісаў Алесь Бяляцкі.

У Магілёве 12 сакавіка міліцыя ў межах праверкі па заяве аб паклёпе правяла агляды кватэры Ігара Барысава, рэдактара сайту «Наш Магілёў», і памяшканьня, у якім знаходзяцца рэдакцыя выданьня і абласная філія Праваабарончага цэнтру «Вясна», выняўшы кампутарную тэхніку ў журналіста і праваабаронцаў. А Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага райвыканкаму ў гэтым месяцы праз суд распачало чарговую спробу спыненьня дзейнасьці ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтар», папярэдне ўчыніўшы перашкоды для дзейнасьці арганізацыі.