Ва Ўкраіне — дзень жалобы па гарняках

Гарнякі нясуць 5 сакавіка цела аднаго з загінулых на шахце імя Засядзькі

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка абвясьціў 5 сакавіка днём жалобы ў сувязі з гібельлю гарнякоў на шахце імя Засядзькі.

Колькасьць загінулых пры выбуху на шахце ў Данецкай вобласьці ўзрасла да 33-х, паведаміў сайт адміністрацыі рэгіёну.

Пракуратура Данецкай вобласьці заявіла, што распачатая крымінальная справа па артыкуле «парушэньне правілаў бясьпекі».

У сераду раніцай на шахце імя Засядзькі адбыўся выбух газава-мэтанавай сумесі. Прадпрыемства знаходзіцца на тэрыторыі, якая падкантрольная сэпаратыстам. Прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк заявіў, што прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» не пусьцілі 60 украінскіх выратавальнікаў на аварыйную шахту. Яцанюк заклікаў Расею «распарадзіцца прапусьціць на месца аварыі ўкраінскіх адмыслоўцаў». У кіраўніцтве ДНР пазьней заявілі, што не атрымлівалі прапанову пра дапамогу ад Кіева.

З канца 90-х гадоў на шахце імя Засядзькі ў выніку некалькіх аварый загінулі больш за 200 гарнякоў. Пасьля сэрыі выбухаў у лістападзе 2007 года тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка выступіў з прапановай зачыніць аварыйную шахту. Аднак супраць гэтага выступіў Віктар Януковіч, які на той момант займаў пасаду кіраўніка ўкраінскага ўраду.