У Польшчы стварылі прарасейскую партыю «Зьмена»

Дэманстрацыя ў Варшаве ў падтрымку Ўкраіны ў ліпені 2014 году (ілюстрацыйнае фота)

Лідэрам новай арганізацыі стаў былы дэпутат ад партыі «Самаабарона» Матэвуш Піскорскі, вядомы, між іншага, тым, што неаднаразова выказваўся ў падтрымку ўладаў Беларусі.

21 лютага ў Польшчы адбыўся ўстаноўчы зьезд партыі «Зьмена» (Zmiana), якая стаіць на антыамэрыканскіх пазыцыях і дамагаецца больш цесных сувязяў з Расеяй.

«Зьменаўцы» заявілі аб намеры выставіць свайго кандыдата на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў Польшчы сёлета 10 траўня. Аднак імя будучага кандыдата пакуль не абвяшчалася.

Адзін з ініцыятараў новай палітычнай сілы — Матэвуш Піскорскі, былы дэпутат ад эўраскептычнай папулісцкай партыі «Самаабарона» (Samoobrona) Анджэя Лепэра. У апошні час ён праславіўся сваімі выступамі ў эфіры расейскага англамоўнага каналу Russia Today, у якіх ён апраўдвае дзеяньні Масквы ва Ўкраіну і ў цэлым на міжнароднай арэне.

Варта адзначыць, што Піскорскі быў таксама «назіральнікам» на так званым «рэфэрэндуме» ў Крыме і на «выбарах» у самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР». Тады ён запэўніваў, што ўсе гэтыя выбары «прайшлі згодна з законам».

Піскорскі наведваў і Беларусь, неаднаразова выступаў у дзяржаўных мэдыях Беларусі. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Піскорскі быў міжнародным назіральнікам і заявіў, што выбары прайшлі празрыста і свабодна, абвінаваціўшы Польшчу і Захад у перадузятасьці.

Сябрам «Зьмены» стаў таксама гісторык і публіцыст Яцэк Каміньскі. Ён пасьлядоўна адстойвае камуністычныя ідэі, працуе рэдактарам левага сайту Socjalizm Teraz. Каміньскі таксама неаднаразова наведваў кантраляваныя сэпаратыстамі тэрыторыі Данбасу, пісаў антыўкраінскія артыкулы.