У Будапэшце больш за паўтары тысячы чалавек бралі ўдзел у акцыі пратэсту супраць візыту ў Вугоршчыну прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Актывісты празь мікрафон заклікаюць людзей далучыцца да дэманстрацыі. Дэманстрантаў праводзіць паліцыя, цэнтар Будапэшту перакрыты.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Марыя Лапата, сярод лёзунгаў можна разабраць наступныя: «Пуцін — не, Эўропа — так!», «Пуцін — Распуцін», «Рускія: дадому».
Людзі трымаюць у руках сьцягі Эўразьвязу і Ўкраіны, якую, на думку маніфэстантаў, акупавала «пуцінская Расея».
Будапэшт зараз, заўтра Пуцін прыязджае
Людзі крычаць: Украіна, Украіна! pic.twitter.com/ktebNOTYcG
— Радыё Свабода (@svaboda) February 16, 2015
Акцыя праводзіцца па ініцыятыве некамэрцыйнай арганізацыі Human Platform, якая аб’ядноўвае праваабаронцаў.
Вугорская апазыцыя ня верыць абяцаньню прэм’ер-міністра Віктара Орбана пабудаваць у краіне «двухвэктарную палітыку» — зьвернутую адначасова і на Захад, і на Ўсход. Як заявіў у інтэрвію тэлеканалу АТВ кіраўнік Human Platform Мартан Гуляш, у інтарэсах Вугоршчыны — імкнуцца ў Эўропу, а не будаваць карумпаваную дзяржаву, дзе перасьледуюць журналістаў і людзей нетрадыцыйнай арыентацыі, усяляк абмяжоўваючы грамадзянскія правы.