Вярбоўшчык баевікоў у Наваросію: Крэмль пакуль дае нам працаваць

Расейскія ўлады пасіўна назіраюць за вярбоўкай добраахвотнікаў на вайну за «Наваросію», а фактычна патураюць і спачуваюць такой вярбоўцы.

Экспэрты запэўніваюць, што легальных спосабаў спыніць гэты працэс у Расеі не існуе. Але справа не ў недасканаласьці закону, а ў тым, што ў канфлікце ў Данбасе Расея выступае зацікаўленым бокам. Сотні і тысячы «расейскіх патрыётаў» сёньня праходзяць вайсковую падрыхтоўку, заўтра атрымаюць досьвед удзелу ў баявых дзеяньнях, а пасьлязаўтра, ня выключана, выставяць свае палітычныя патрабаваньні ўжо не ва Ўкраіне, а ў Расеі. Погляды гэтых людзей на сьвет дазваляюць меркаваць, што тады сёньняшні Ўладзімір Пуцін падасца ўзорам лібэралізму і талерантнасьці.

У Пецярбургу абвестку аб наборы добраахвотнікаў на вайну за «Наваросію» можна знайсьці на інфармацыйным партале Расейскага імпэрскага руху «Правы погляд». Набраўшы ўказаны нумар тэлефону, мы дамовіліся аб сустрэчы ў Вайскова-патрыятычным спартыўным клюбе «Рэзэрв» на Дрэздэнскай вуліцы зь яго кіраўніком Дзянісам Гарыевым.

Гарыеў: Наш клюб створаны на аснове Расейскага імпэрскага руху, нашай праваслаўна-манархічнай арганізацыі. Мы тут займаемся гуманітарнай дзейнасьцю, адпраўляем у Данбас мэдыкамэнты, прадукты харчаваньня. Арганізуем дапамогу параненым, уцекачам, а таксама дапамагаем добраахвотнікам, якія едуць туды абараняць народ Наваросіі.

РС: Шмат народу запісваюцца добраахвотнікамі?

Гарыеў: Вельмі шмат, але мы праводзім жорсткі адбор. Праз нас едуць толькі людзі ідэйныя, якія не зацікаўленыя ў грошах, людзі, якія ня маюць за сьпінай нейкага «чорнага» мінулага. Стараемся адбіраць людзей без судзімасьці, чыстых перад законам і з чыстымі намерамі. У нас фактычна кожны месяц адпраўляецца часам дзьве, часам адна група. У нас няма патоку, няма канвэеру. Мы праводзім навучаньне, даем людзям рыштунак. Мы да гэтага сур’ёзна ставімся, для нас важна ня колькасьць, а якасьць людзей, якія туды едуць. Гэта — прадстаўнікі Расеі, расейскага народу, і важна, як яны сябе там праявяць. Прыблізна кажучы, за тры месяцы намі было адпраўлена каля сарака чалавек.

РС: Якое навучаньне вы праводзіце?

Гарыеў: Агульныя веды, неабходныя чалавеку, які бярэ ў рукі зброю. Перш за ўсё — бясьпечнае абыходжаньне са зброяй. Было шмат няшчасных выпадкаў, калі непадрыхтаваным людзям давалі ў рукі зброю. Вялікае значэньне надаем мэдыцыне, аказаньню першай мэдычнай дапамогі. Праца з сувязьзю. Тапаграфія. Асаблівасьці выжываньня ў зоне канфлікту. Мы навучаем такім рэчам, якія больш патрэбныя не для ўменьня забіваць, а для ўменьня выжываць у экстрэмальных умовах і аказваць дапамогу тым, хто знаходзіцца побач. Прыгарадных лягераў у нас няма, бо для іх стварэньня патрэбныя рэсурсы, а рэсурсы ёсьць для гэтага толькі ў дзяржавы. Таму мы працуем альбо тут, у клюбе, альбо таксама выяжджаем у лясы для заняткаў «дзікунамі». Але свае заняткі мы журналістам не паказваем.

РС: Як улады ставяцца да вашай дзейнасьці?

Гарыеў: Улады, скажам так, пільна сочаць за нашай дзейнасьцю, але паколькі наша дзейнасьць ня носіць афіцыйнага характару, то ў нас і не працуюць спэцыялісты з узброеных сілаў. У нас працуюць адстаўныя вайскоўцы, тыя, хто ўдзельнічаў у ваенных канфліктах. Але ўсё гэта — на грамадзкіх пачатках. А так, улады сочаць, прыходзяць, пытаюцца, але процідзеяньня ніякага няма. Дзякуй Богу, даюць нам працаваць, выконваць свой грамадзянскі абавязак.

РС: Можаце расказаць пра схему дастаўкі груп добраахвотнікаў у Данбас?

Гарыеў: Ня буду раскрываць падрабязнасьцяў. Мы арганізоўваем дастаўку самі. Афіцыйна яны праходзяць празь мяжу як звычайныя расейскія грамадзяне па расейскіх пашпартах, дзе правяраюць наяўнасьць судзімасьці, алімэнтаў або неаплачаных крэдытаў.

РС: А тое, што цяпер Украіна ўводзіць забарону на ўезд па расейскіх агульнаграмадзянскіх пашпартах, створыць складанасьці для дастаўкі групаў?

Гарыеў: Не, мы ж не ва Ўкраіну едзем. Мы едзем у Наваросію. А там — памежнікі ўжо наварасійскія, ці то зь дзяржавы ДНР, ці то з ЛНР. Таму мы праходзім спачатку расейскую мяжу, потым мяжу новасьпечаных дзяржаваў, дзе ўкраінскіх памежнікаў няма.

РС: Як з аплатай добраахвотнікаў? Ёсьць нейкія крыніцы?

Гарыеў: Наша прынцыповая пазыцыя: ні капейкі грошай. Тыя, хто едзе ад нас, ваююць у нашых добраахвотніцкай падразьдзяленьнях або працуюць па розных напрамках (лекарамі, напрыклад), грошай не атрымліваюць наогул. З тымі людзьмі, якія хочуць атрымліваць грошы, мы не працуем. У нас тут — пункт збору. Мы абвяшчаем аб тым, што нам неабходна. Вайсковая форма, мэдыкамэнты, прадукты. Нам звычайныя расейскія людзі гэта ўсё нясуць. Існуе рух «За Наваросію!» Ігара Стралкова, зь якім мы супрацоўнічаем. Усё, што мы арганізуем — транспарт, праца па зборы — не патрабуе вялікіх грошай. Да нас прыходзяць, напрыклад, інструктары па мэдыцыне, вялікія спэцыялісты, і яны катэгарычна адмаўляюцца ад платы за працу з добраахвотнікамі.

РС: Цяпер, асабліва ў патрыятычных колах, распаўсюджваецца меркаваньне аб тым, што Ўладзімір Пуцін не аказвае належнай падтрымкі апалчэнцам Наваросіі, не дапамагае ім у поўным аб’ёме. Ня ўводзіць туды войскі. Вы згодныя з гэтым?

Гарыеў: У мяне няма крыўды. Я ня маю ілюзіяў наконт прыроды існуючай крамлёўскай улады. Я далёкі ад яе ідэалізацыі і разумею, што яе дзеяньні ў Наваросіі — вымушаныя. Крамлю было б выгадна пры першай магчымасьці усё гэта «зьліць». Проста Крэмль ня можа так зрабіць — таму што ёсьць грамадзкая думка, ціск народу, а народ Наваросіі падтрымлівае большасьць расейцаў. І справа нават ня ў нейкім малюнку СМІ, які таксама, скажам так, напружвае сытуацыю ў краіне. Крыўды няма. У нас ёсьць разумны прагматычны падыход. Пакуль ім, уладам, з намі па дарозе, пакуль Крэмль нешта робіць для абароны інтарэсаў расейскага народу на Данбасе — будзе ўсё нармальна. Як толькі парадыгма іх дзеяньняў зьменіцца, то мы ўжо самі будзем глядзець, як нам дзейнічаць далей.

РС: Паступае інфармацыя аб тым, што ў Данбас зьбіраюцца або нават ужо адпраўляюць вайскоўцаў тэрміновай службы, прымусіўшы іх падпісваць кантракт. Як вы да гэтага ставіцеся?

Гарыеў: Я ня бачыў там ня толькі ніводнага з тэрміновай службы, але і ніводнага кантрактніка. Я там правёў дастаткова часу, удзельнічаў у баявых дзеяньнях, меў зносіны зь вялікай колькасьцю людзей. Маё вам слова: я ня бачыў там ніводнага расейскага вайскоўца. Яны там напэўна ёсьць. Я мяркую, што там ёсьць і дарадцы. Але я асабіста ня бачыў. Паўтару: я бачыў велізарную колькасьць людзей, у самых розных падразьдзяленьнях і ў ЛНР, і ў Мазгавога, і ў ДНР, у розных брыгадах, расейскіх вайскоўцаў я там ня бачыў.

РС: Колькі разоў вы былі ў зоне канфлікту?

Гарыеў: Усяго я там быў пяць разоў. Апошні раз прыехаў адтуль некалькі дзён таму. Быў пад Дэбальцавам. Там, дзе арганізуецца «кацёл». Сытуацыя там вельмі цяжкая. Вялізныя страты, як з нашага боку, так і з боку ўкраінскай арміі. Украінскія салдаты з часам вучацца, набываюць досьвед. І ня трэба сьпісваць з рахункаў тое, што з таго боку ваююць такія самыя рускія людзі. А рускі салдат — упарты, ён ваяваць умее. Гэта самая вялікая трагедыя — тое, што рускія забіваюць рускіх. Але ў нас варыянтаў няма, таму што бамбуюць мірнае насельніцтва, прычым жорсткімі тэрарыстычнымі мэтадамі.

РС: Як вы тлумачыце той факт, што, нягледзячы на баявыя дзеяньні, паміж і Ўкраінай, і Расеяй, і ДНР, і ЛНР не спыняюцца эканамічныя адносіны?

Гарыеў: Трэба разумець, што сучасныя «гібрыдныя» войны не падобныя на войны мінулых гадоў, ні на Першую сусьветную, ні на Вялікую Айчынную. Цяпер настолькі перамяшаліся інтарэсы капіталу, алігархаў розных дзяржаваў, спэцслужбаў, у якіх таксама свае інтарэсы, што гэта і стварае такую сытуацыю, калі адначасова можна і ваяваць, і гандляваць. Урад ДНР адпраўляе вугаль ва Ўкраіну, а гэты вугаль, магчыма, ідзе на Харкаўскі танкавы завод, адкуль паступаюць танкі супраць ДНР. Гэта спэцыфіка гэтай грамадзянскай вайны. Грамадзянская вайна. Усё перамяшана. Мы да гэтага ставімся як да дажджу. Цяпер сьнег ідзе, холадна, але што рабіць? Трэба жыць у гэтых умовах.

Паводле матэрыялу расейскай службы РС.