Эгіпэцкія войскі атакуюць пазыцыі «Ісламскай дзяржавы»

На відэа, пашыраным 15 лютага ў сацыяльных сетках, цьвердзіцца, што людзі ў аранжавым - эгіпэцкія хрысьціяне, захопленыя баевікамі "Ісламскай дзяржавы".

Эгіпэцкія вайскоўцы заявілі, што яны пачалі паветраныя ўдары па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» ў Лібіі — пасьля таго, як зьявіўся відэазапіс, на якім эгіпэцкія хрысьціяне-копты былі абезгалоўленыя.

Паводле прэсавага сакратара Галоўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў, сёньняшнія паветраныя атакі накіраваныя на трэніровачныя лягеры і сховішчы зброі — у мэтах «адплаты забойцам копцкіх хрысьціянаў».

Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі заявіў днём раней па дзяржаўным тэлебачаньні, што Эгіпэт меў права рэагаваць на абезгалоўліваньне адпаведным чынам.

Дваццаць адзін хрысьціянін быў абезгалоўлены баевікамі «Ісламскай дзяржавы», перад гэтым яны былі выкрадзеныя ў Лібіі.

Прадстаўнік каірскай мячэці Аль-Азгар назваў абезгалоўліваньне «барбарскім» і сказаў, што гэта ня мае «нічога агульнага зь якой-небудзь рэлігіяй або чалавечымі каштоўнасьцямі».

Афіцыйны прадстаўнік Белага Дому Джон Эрнэст назваў акт гэтага масавага забойства праявай «баязьлівасьці».