Паводле Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Ўкраіны, Расея працягвае перакідваць войскі і тэхніку на акупаваную тэрыторыю Данбасу, а прадстаўнікі сэпаратыстаў у сваю чаргу заяўляюць пра намер істотна павялічыць колькасьць сваіх узброеных фармаваньняў коштам «добраахвотнай мабілізацыі».
З розных крыніц паступае інфармацыя пра баі ў раёне пасёлка Логвінава, дзе бронетэхніка сэпаратыстаў выйшла на трасу Дэбальцава-Арцёмаўск.
«На сёньняшні дзень траса фактычна перакрытая. Дарога гэтая ня тое, што апошняя — яна адна-адзіная», — распавёў Радыё Свабода дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Тарас Пастух, які цяпер знаходзіцца на Данбасе.
Прадстаўнік РНБА Андрэй Лысенка ўстрымаўся ад камэнтароў з нагоды прарыву варожай тэхнікі, але сказаў, што ў гэтым раёне атрады сэпаратыстаў працягваюць атакі з мэтай атачыць ўкраінскія войскі.
«За дзень расейскія найміты 13 разоў абстралялі горад і навакольле з артылерыі і 5 разоў няўдала спрабавалі штурмаваць нашы пазыцыі ... Палітычнай мэтай захопу Дэбальцаўскага пляцдарму ёсьць імкненьне расейскіх куратараў баевікоў прымусіць Украіну пайсьці на саступкі бандытам і падпісаць з імі перамір’е на крамлёўскіх умовах», — сказаў ён.
Інтэрнэт-выданьне «Цензор.нет» са спасылкай на афіцэра, батальён якога знаходзіцца ў раёне Дэбальцева, паведамляе аб тым, што ўкраінскія войскі пацярпелі ад авіяцыйнага ўдару. Паводле яго, у момант пралёта самалётаў па пазыцыях батальёну быў нанесены ўдар боепрыпасамі вялікай магутнасьці, які расцанілі як бомбавы. Пра ўжываньне супраць украінскіх войскаў авіяцыі заяўляюць таксама інтэрнэт-рэсурсы сэпаратыстаў, затое афіцыйныя ўкраінскія сьпікеры гэтай інфармацыі не пацьвердзілі.
Між тым, паводле Андрэя Лысенкі, на акупаваную тэрыторыю Данбаса праз расейскую мяжу працягваюць прыбываць войскі і тэхніка. «На працягу 7-8 лютага дзяржаўную мяжу Украіны ў пункце пропуску „Ізварына“ перасекла каля 1500 ваеннаслужачых Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі і больш за 300 адзінак ваеннай тэхнікі — самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, „Грады“, тэнтаваныя грузавікі і г. д.», — заявіў Лысенка.