Барак Абама: спыніць Пуціна пакуль не ўдалося, ціск трэба нарошчваць

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў інтэрвію тэлеканалу CNN заявіў, што ў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ва Ўкраіне не было стратэгічнай лініі

Паводле Барака Абамы, анэксія Крыму сталася «імправізацыяй» Крамля ў адказ на нечаканыя для Масквы пратэсты на Майдане, якія вымусілі прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча зьбегчы з краіны.

Дзеяньні расейскага кіраўніцтва прывялі да грубага парушэньня міжнароднага права, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і пацягнулі за сабой міжнародную ізаляцыю Расеі.

Абама адзначыў, што часы, калі веліч дзяржаў будавалася на аснове тэрытарыяльнай экспансіі, прайшлі. Анэксія Крыма, паводле прэзыдэнта ЗША, — зусім ня «выгаднае набыцьцё» для Расеі.

Кіраўнік Белага дому прызнаў, што «спадара Пуціна пакуль не ўдалося спыніць». Таму ціск на Расею, паводле Барака Абамы, неабходна нарошчваць.