Баевікі радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава» разьмясьцілі ў Інтэрнэце відэазапіс, на якім, як мяркуюць, паказанае забойства японскага журналіста Кэндзі Гота. Урад краіны правярае сапраўднасьць відэа. Японскія ўлады прызналі, што спробы перамоваў аб вызваленьні Гота не прынесьлі посьпеху.
20 студзеня групоўка «Ісламская дзяржава» апублікавала відэа, на якім узброены мужчына пагражае забіць двух японскіх закладнікаў, калі ўлады Японіі не заплацяць за іх выкуп у 200 мільёнаў даляраў. Празь некалькі дзён у сетках зьявіўся відэазапіс, на якім баевікі паведамлялі пра пакараньне сьмерцю аднаго з закладнікаў, Харуны Юкава.
Кэкдзі Гота нарадзіўся ў 1967 годзе. Ён займаўся відэажурналістыкай, у 1996 годзе заснаваў прыватную прадзюсарскую кампанію Independent Press. Гота быў захоплены ў закладнікі ў кастрычніку 2014 году ў Сырыі, куды ён адправіўся, каб паспрабаваць вызваліць Юкаву, які патрапіў у рукі баевікоў на паўгода раней.