Украіна рыхтуе зварот у Гааскі трыбунал

Марыюпаль

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны даручыла ўраду падрыхтаваць зварот у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе для расьсьледаваньня злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых супраць украінскіх грамадзянаў у 2014-2015 гадах. Украіна мае намер прасіць міжнародныя інстанцыі аб прызнаньні ДНР і ЛНР «тэрарыстычнымі арганізацыямі».

Пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны адбылося ў Кіеве на наступны дзень пасьля абстрэлу Марыюпаля, ахвярамі якога сталі ня менш за 30 мірных жыхароў, а каля ста чалавек былі параненыя.

Удзельнікі пасяджэньня РНБА прапануюць захады «процідзеяньня расейскай пагрозе і праявам тэрарызму», у датычнасьці да якіх Кіеў абвінавачвае Расею. Рада таксама заявіла аб абавязковасьці прымяненьня на тэрыторыі Ўкраіны санкцый, якія ўведзеныя ў дачыненні да Расеі Эўрапейскім зьвязам, Швайцарыяй і ЗША.

Расейскія ўлады адмаўляюць удзел кадравых вайскоўцаў у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны і адпрэчваюць абвінавачваньні ў пастаўках зброі сэпаратыстам.