«Анэксія Крыму — гэта ня проста анэксія. Гэта парушэньне каштоўнасьцяў, якія стварылі мірны парадак у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны, а менавіта — непарушнасьці межаў і пашаны тэрытарыяльнай цэласнасьці,» — цытуе выказваньне Мэркель на сусьветным эканамічным форуме ў Давосе агенцтва Ройтэрс.
Канцлер нагадала Расеі, што тая выступіла гарантам ўкраінскай незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, падпісаўшы Будапэшцкі мэмарандум. Пасьля таго, як Расея парушыла гэтае пагадненьне, «якая краіна будзе гатова ўзяць прыклад Украіны і адмовіцца ад ядзернай зброі» — задала пытаньне Мэркель.
«Эканамічныя санкцыі былі непазьбежныя. Яны — не самамэта. Яны могуць быць зьнятыя толькі тады, калі зьнікнуць прычыны, якія іх выклікалі. На жаль, гэтага яшчэ не адбылося,» — заявіла канцлер Нямеччыны.