Украінскія вайскоўцы ўтрымліваюць усе пазыцыі ў данецкім аэрапорце

Your browser doesn’t support HTML5

Аэрапорт Данецка. Здымкі зь бесьпілётніка

Украінскім вайскоўцам, якія абараняюць аэрапорт Данецка, атрымалася ноччу ўтрымаць ўсе занятыя напярэдадні пазыцыі і вывезьці параненых. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў дараднік прэзыдэнта Ўкраіны Юры Бірукоў. Ён паведаміў, што ноч прайшла адносна спакойна, былі вывезеныя 20 параненых і двое загінулых.

У прэс-цэнтры спэцаперацыі адзначылі, што ўсе параненыя дастаўленыя ў медычныя ўстановы.

Паведамляецца, што сытуацыя ў зоне спэцапэрацыі застаецца напружанай. З учорашняга вечару сэпаратысты ажыцьцявілі 28 абстрэлаў пазыцыяў украінскіх вайскоўцаў. Была абстраляная і мэтэавежа ў Данецкім аэрапорце. Учора ўвечары каля Мар'інкі і Маёрскага адбыліся баявыя сутыкненьні з сэпаратыстамі.

Між тым, прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) сьцьвярджаюць, што за мінулую ноч у данецкім аэрапорце параненыя і забітыя каля 100 украінскіх вайскоўцаў, раненьні атрымалі 17 так званых апалчэнцаў. Як паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на сэпаратыстаў, за ноч зафіксавана 32 парушэньні рэжыму спыненьня вагню з боку ўкраінскіх вайскоўцаў, адбітыя тры атакі на аэрапорт Данецку.