Барак Абама заявіў, што накладзе вэта на законапраект аб новых санкцыях супраць Ірану, калі такі праект пакладуць яму на стол пакуль працягваюцца перамовы паміж Тэгеранам і шасьцю вядучымі дзяржавамі сьвету.
Аднак амэрыканскі прэзыдэнт сказаў, што калі Іран у выніку адмовіцца «сказаць так» і даць гарантыі таго, што ён таемна не распрацоўвае ядзерную зброю, ён зьвернецца да Кангрэсу ЗША з просьбай «закруціць гайкі».
Выступаючы на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэйвідам Кэмэранам, Абама сказаў, што імавернасьць дыпляматычнай дамовы з Іранам менш за 50 працэнтаў.
Але ён сказаў, што перамовы зь яшчэ большай імавернасьцю сарвуцца, калі Кангрэс прымае закон аб новых санкцыях супраць Тэгерану.
Кэмэран, у сваю чаргу, сказаў, што ёсьць надзея на посьпех у перамовах з Іранам, і што ён размаўляў з сэнатарамі ЗША аб гэтай сытуацыі.
Заўвагі Абамы і Кэмэрана 16 студзеня прагучалі пасьля таго як дзяржсакратар ЗША Джон Кэры правёў гадзінную сустрэчу ў Парыжы з міністрам замежных спраў Ірану Мухамадам Джавад Зарыфам. Гэта была іх трэцяя сустрэча на працягу апошніх двух дзён.
У той час як Кэры і Зарыф сустракаліся ў Парыжы, дэлегаты ЗША і Ірану працягвалі перамовы ў Жэнэве аб будучым адбыцца туры ядзерных перамоваў з Іранам у фармаце 5+1 — чальцы Рады бясьпекі ААН ЗША, Расея, Кітай, Вялікабрытанія і Францыя плюс Германія.
Гэтыя перамовы павінны пачацца ў Жэнэве 18 студзеня.
Дамова павінна будзе абмяжоўваць дзейнасьць Тэгерану па ўзбагачэньні ўрану і дазволіць праверкі, каб гарантаваць, што Іран не спрабуе таемна стварыць ядзерную зброю.
У абмен на гэта Тэгеран хоча адмены жорсткіх эканамічных санкцый супраць Ірану.
Іран настойвае, што яго ядзерная праграма прызначана толькі для мірных грамадзянскіх мэтаў, такіх, як энэргетыка і мэдычныя дасьледаваньні.