Якія асноўныя накірункі дзеяньня бачыць Бялград падчас свайго старшынёўства ў АБСЭ?
Перш за ўсё Сэрбія паспрабуе выкарыстаць сваю пазыцыю дзеля таго, каб разьвіць адносіны і з Масквой, і з Брусэлем. У Сэрбіі добрыя адносіны з Масквой, адначасова Сэрбія зьяўляецца кандыдаткай на ўступленьне ў Эўразьвяз, таму Бялград будзе імкнуцца знайсьці вырашэньне праблемы Ўкраіны ў адносінах Расеі і Эўразьвязу. Хоць я асабіста не чакаю нейкіх адчувальных вынікаў.
Ці сапраўды ў Сэрбіі шмат сымпатыі для Расеі?
Сярод сэрбаў традыцыйна жыве прыхільнасьць да славян, асабліва праваслаўных. А Расея, з гістарычных прычын, усё яшчэ бачыцца як вялікі ахоўнік [славяншчыны]. Калі гаварыць пра некаторыя канкрэтныя моманты, дык Сэрбія расчаравалася ці нават часткова адчула сябе здраджанай рашэньнем Масквы пакінуць ідэю пабудовы газаправоду «Паўднёвы паток». Ну і 70% замежнага гандлю Сэрбіі прыпадае на Эўразьвяз, а на Расею — усяго каля 10%. Але, з другога боку, Сэрбія разьлічвае на падтрымку Расеі, што тычыцца блякаваньня ў Радзе Бясьпекі ААН прыняцьця Косава ў ААН. Значыць, Сэрбія спрабуе неяк балянсаваць паміж Расеяй і Захадам, хоць гэта даволі цяжкое заданьне.
Эўразьвяз хоча, каб Сэрбія далучылася да санкцый супраць Расеі. Як Бялград вырашае гэтае пытаньне?
У канчатковым выніку Сэрбія будзе прымушаная далучыцца да гэтых санкцый. Але у Эўразьвязе разумеюць усю складанасьць сытуацыі ў Сэрбіі, таму цяпер моцна не націскаюць. Тым ня менш у Брусэлі ўвесь час паўтараюць, што раней ці пазьней Бялграду трэба будзе далучыцца да агульнай замежнай палітыкі Эўразьвязу. Сэрбія, з аднаго боку, падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, гэта значыць, не прызнае анэксіі Крыму Расеяй; з другога боку, Сэрбія не далучаецца да эўрапейскіх санкцый супраць Расеі. Тут мы бачым якраз памкненьне Бялграду задаволіць і Брусэль, і Маскву адначасова.