Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.
Афіша:
Сусьветны дзень «The Beatles».
У менскай галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а) адбудзецца юбілейная імпрэза з нагоды выхаду сотага нумару часопісу «Літаратурнай Беларусі». У імпрэзе возьмуць удзел пісьменьнікі Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў і іншыя. Пачатак а 18-й гадзіне.
На сёмай пазачарговай сэсіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу маюць даць згоду на прызначэньне прэзыдэнтам новага старшыні праўленьня Нацыянальнага банку.
У межах кампаніі «Будзьма!» ў сядзібе Таварыства беларускай мовы адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча «Краіна Пагранічча». Пачатак а 17-й гадзіне.
У гісторыі:
27 год да н. э. — 1-й консул Рымскай рэспублікі Актавіян Аўгуст стаў першым рымскім імпэратарам.
1916 — фэльдмаршал Гіндэнбург выдаў загад пра наданьне беларускай мове раўназначных правоў зь іншымі мовамі, пашыранымі на тэрыторыях, акупаваных войскамі Нямеччыны.
1919 — праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР тэрыторыя савецкай Беларусі была радыкальна зьменшаная на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. У склад РСФСР былі забраныя Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні.
1920 — У ЗША пачаў дзейнічаць «сухі закон».
1921 — падпісаная саюзная дамова паміж БССР і РСФСР.
1963 — Мікіта Хрушчоў абвясьціў, што СССР мае вадародную бомбу.
1969 — чэскі студэнт Ян Палах спаліў сябе ў Празе на Вацлаўскай плошчы на знак пратэсту супраць савецкага ўварваньня ў 1968 годзе.
1979 — перамога ісламскай рэвалюцыі ў Іране, у выніку пратэстаў шах Мухамад Рэза Пэхлеві пакідае краіну.
У гэты дзень нарадзіліся:
1791 — Генрык Дэмбінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830-1831 гадоў. У 1831-м кіраваў няўдалай спробаю адбіць у расейцаў Вільню і скончыў жыцьцё ў эміграцыі.
1826 — Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Быў схоплены і павешаны. У мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне яму пастаўлены помнік.
1905 — Алесь Пальчэўскі, беларускі пісьменьнік. За сталінскім часам быў двойчы рэпрэсаваны.
1919 — Уладзімер Алоўнікаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі. Сярод створаных ім папулярных песьняў — «Радзіма мая дарагая».
1943 — Мікола Чарняўскі, беларускі пісьменьнік, аўтар шматлікіх кніг для дзяцей, доўгія гады супрацоўнік часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка».
1947 — Леанід Захлеўны, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі.
Цытата:
— Баліць моцна?
— Баліць, але чалавек павінен супраціўляцца злу усімі сродкамі, якія яму даступныя.
З размовы з доктарам у шпіталі паміраючага Яна Палаха пасьля яго самаспаленьня