Міт Ромні гатовы вылучацца на прэзыдэнта ад рэспубліканцаў

Міт Ромні

Былы кандыдат на прэзыдэнта ад Рэспубліканскай партыі Міт Ромні разглядае магчымасьць паўторнага вылучэньня сваёй кандыдатуры на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве на выбарах 2016 году. Пра гэта ён упершыню паведаміў у пятніцу ў Нью-Ёрку ў час сустрэчы з патэнцыйнымі фінансавымі донарамі.

«Мяне пытаюць, ці сапраўды я хачу быць прэзыдэнтам? Так, я сапраўды гэтага хачу і ўжо двойчы гэта даказваў», — сказаў Ромні. У 2008 годзе Ромні саступіў у барацьбе за намінацыю ад рэспубліканцаў Джону Макейну, чатыры гады счакаўшы, ён дамогся вылучэньня, але прагуляў зь вялікім адрывам Бараку Абаму.

Яшчэ некалькі месяцаў таму Ромні ў інтэрвію тэлеканалу NBC запэўніваў, што ня будзе зноў змагацца за намінацыю сваёй партыі

Пасьля мерапрыемства адзін з найбліжэйшых памочнікаў Ромні заявіў: «Міт настроены занадта патрыятычна, каб заставацца пабочным назіральнікам і аддаць прэзыдэнцтва дэмакратам Хілары Клінтан ці сэнатару Элізабэт Уорэн. Ён шмат езьдзіў па краіне ў мінулым годзе, сустракаўся з грамадзянамі і, мяркую, прыйшоў да высновы, што здольны сёньня адыграць канструктыўную ролю ў жыцьці сваёй краіны».

Яшчэ некалькі месяцаў таму Ромні ў інтэрвію тэлеканалу NBC запэўніваў, што ня будзе зноў змагацца за намінацыю сваёй партыі, якая валодае сёньня «цэлым шэрагам годных кандыдатаў, здольных лепш, чым я сам, данесьці праграму рэспубліканцаў да выбарнікаў».

На днях аднапартыец Ромні, былы губэрнатар Флёрыды Джэб Буш абвясьціў аб стварэньні арганізацыі па зборы сродкаў на выпадак магчымага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году. І Буш, і Ромні зьяўляюцца фаварытамі найбуйнейшых фінансавых донараў рэспубліканцаў, і нечаканая заява Ромні, як адзначаюць камэнтатары, уносіць некаторую сумятню ў перадвыбарныя пляны партыйнага істэблішмэнту.