У Расеі пачалі прадаваць мабільныя тэлефоны для мусульман

У Расеі паступілі ў продаж першыя мабільныя тэлефоны для мусульман.

У тэлефон ўбудаваны будзільнік намазаў, які пяць разоў на дзень будзе нагадваць карыстальніку пра надыход часу малітвы, паведамляе ТАСС. У памяці прылады знаходзіцца Каран на арабскай і расейскай мовах. Зручнае мэню, гаворыцца ў анатацыі да тэлефону, дазваляе хутка пераключацца паміж сурамі, выбіраючы патрэбны для чытаньня тэкст.

Тэлефон прадстаўлены ў трох традыцыйных колерах ісламу: зялёным, пунсовым і чорным. Корпус упрыгожаны залатым узорам ва ўсходнім стылі. Апарат таксама будзе вызначаць геаграфічнае становішча ўладальніка і паведамляць, у якім баку знаходзіцца Мека.