Эўракамісія прапануе Ўкраіне крэдыт на два мільярды даляраў

Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейская камісія прапанавала даць Украіне 1,8 мільярдаў эўра, або больш за 2 мільярда даляраў сяреднетэрміновага крэдыту. Гэтак Эўропа хоча дапамагчы цяжкай эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне.

Аднак, як адзначылі прадстаўнікі выканаўчай улады Эўразьвязу, Украіна мусіць працягваць рэформы ў межах праграмы Міжнароднага валютнага фонду і ажыцьцяўляць эканамічную і фінансавую палітыку, ўзгодненую з Эўразьвязам.

Рашэньне пра крэдыт Кіеву мусяць яшчэ ўзгадніць усе 28 краінаў Эўразьвязу і Эўрапейскі парлямэнт.

Эўразьвяз ужо даў 1,6 млрд. эўра пазыкаў для Ўкраіны, каб дапамагчы ўраду Ўкраіны, які знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы.

Місія МВФ сёньня аднавіла перамовы з уладамі ў Кіеве з нагоды умоваў для магчымага новага крэдыту Украіне. Крэдытная праграма МВФ прадугледжвае суму 17,1 мільярдаў даляраў, аднак пакуль ва Ўкраіну паступіў толькі транш крэдыту на 4,6 мільярда даляраў.