У Беларусі пытаньне ісламскага фундамэнталізму неактуальнае, — Канавальчык

Паўлюк Канавальчык

Свабода слова і сьвецкасьць зьяўляюцца базавымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі, таму ніякіх абмежаваньняў у працы з рэлігійнымі пытаньнямі не павінна існаваць.

Такую думку карэспандэнту Свабоды выказаў рэдактар папулярнай некалі газэты «Навінкі» Паўлюк Канавальчык у сувязі з тэрарыстычным нападам на рэдакцыю францускага сатырычнага часопіса Charlie Hebdo, які хутчэй за ўсё быў адказам на публікацыю карыкатуры на прарока Мухамэда.

Усё ж такі варта ведаць, што мы стаім на базісе эўрапейскай цывілізацыі, а адной з найпершых яе каштоўнасьцяў зьяўляецца сэкулярызм — то бок, сьвецкасьць.

«Я трымаюся меркаваньня, што свабода слова ня мусіць быць абмежаваная ніякімі ўмовамі. Усё ж такі варта ведаць, што мы стаім на базісе эўрапейскай цывілізацыі, а адной з найпершых яе каштоўнасьцяў зьяўляецца сэкулярызм — то бок, сьвецкасьць. Ясная справа, ёсьць моманты, да якіх трэба ставіцца больш акуратна, але што павінна быць свабода слова — гэта дакладна, гэта эўрапейская каштоўнасьць», — падкрэсьлівае ён.

А ці апублікавала б газэта «Навінкі» падчас свайго існаваньня карыкатуры на Мухамэда? Канавальчык кажа, што для Беларусі пытаньне ісламскага фундамэнталізму проста неактуальнае. Але агульнага прынцыпу гэтая абставіна не зьмяняе.

«Мы б не апублікавалі толькі з таго, што гэта ня ёсьць і не была праблема нашага грамадзтва, каб тычыцца вось такіх пытаньняў ісламскага фундамэнталізму. Але калі такая праблема існуе ў францускім грамадзтве, то ясная справа, там магла мець месца такая пастаноўка праблематыкі. Яшчэ раз падкрэсьлю: калі эўрапейскія каштоўнасьці — гэта сьвецкасьць, то ня можа быць дваякага падыходу ў стаўленьні. Напрыклад, калі на хрысьціянскую царкву шмат хто робіць розныя карыкатуры і гэта ўспрымаецца нармальна, то ня мусяць быць выключэньнем нейкія іншыя канфэсіі», — падкрэсьліве ён.

Паводле Канавальчыка, сёньня публічная сатыра ў Беларусі адсутнічае, але такі жанр вельмі запатрабаваны ў беларускім грамадзтве.

Адсутнасьць сатыры тлумачыцца найперш адсутнасьцю мэдыйных пляцовак, дзе б яна магла існаваць. Дакладней такія пляцоўкі былі мэтадычна вынішчаныя і вынішчаюцца надалей.

«Адсутнасьць сатыры тлумачыцца найперш адсутнасьцю мэдыйных пляцовак, дзе б яна магла існаваць. Дакладней такія пляцоўкі былі мэтадычна вынішчаныя і вынішчаюцца надалей. Цяпер востра стаіць праблема пошуку новых нейкіх пляцовак (напрыклад, зьвязаных з інтэрнэтам) дзе сатыра магла б сябе нармальна адчуваць і разьвівацца. Па-другое (што часам шмат кім ігнаруецца), варта разумець, што сатыра гэта ўсё ж такі не забава і не грамадзкая нагрузка, а найперш прафэсійная дзейнасьць — то бок, яна мусіць прыносіць даход, карміць таго, хто робіць гэтую сатыру. Таму пакуль ня будуць вырашаныя гэтыя дзьве праблемы (зьяўленьне новых пляцовак для сатыры і формаў яе манэтызацыі), то ні пра якую прафэсійную сатыру, якая ўплывае на грамадзтва і выклікае грамадзтва на нейкую рэфлексію, казаць не даводзіцца», — канстатуе ён.