10 фактаў, якія даказваюць, што жыць стала лепш

Вы згодныя, што гэтыя дзесяць пунктаў пазытыву пераважваюць нэгатыў, які вы заўважаеце наўкола?

Як правіла, нэгатыў у СМІ прыцягвае больш увагі, чым пазытыў. Добрыя навіны аказваюцца менш прываблівымі, чым, прыкладам, уварваньне Расеі ва Ўкраіну, узьнікненьне «Ісламскай дзяржавы» або ўспышка ліхаманкі Эбола.

Да добрых і «нецікавых» навінаў апошняга часу можна залічыць: зьмяншэньне крайняй галечы ў два разы з 1990 году ды істотны і ўстойлівы рост сярэдняй працягласьці жыцьця, асабліва ў бедных краінах.

Прапануем вам пазнаёміцца зь некаторымі добрымі навінамі, сьпіс якіх падрыхтаваў сайт Vox Media.

1. Доля сусьветнага насельніцтва, якое жыве менш чым на 1,25 даляра ў дзень, паменшала з 52% у 1981 годзе да 43% у 1990 і да 21% у 2010 годзе.

2. Ад 2000 году да 2012 на траціну паменшыўся аб’ём дзіцячай працы ў сусьветнай эканоміцы.

4. Людзі ў разьвітых краінах маюць штораз больш вольнага часу (у Нямеччыне, Францыі, Бэльгіі і Нідэрляндах у сярэднім людзі працуюць менш чым 40 гадзін на тыдзень).

5. Сярэдняя працягласьць жыцьця ў сусьветным маштабе вырасла на шэсьць гадоў у 1990-2012 гг.

6. Дзіцячая сьмяротнасьць зьнізілася амаль напалову ад 1990 году.

7. На сьвеце штораз менш войнаў, хоць на першы погляд можа здавацца, што наадварот. Але калі ўзяць пад увагу сытуацыю ў даўжэйшай часавай пэрспэктыве, якая ўключае дзьве сусьветныя войны, дык акажацца, што колькасьць сьмерцяў з прычыны палітычна арганізаванага гвалту (вайна паміж дзяржавамі, тэрарызм, генацыд, грамадзянскія канфлікты) непараўнальна меншая, і ў мінулым дзесяцігодзьдзі складала ўсяго некалькі сотых працэнта ад усіх сьмерцяў.

8. У Эўропе колькасьць самагубстваў панізілася да 1,4 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. Ацэньваецца, што ў сярэднявеччы жыцьцё адбіралі сабе 32 асобы на 100 тысяч эўрапейцаў.

9. Колькасьць аўтарытарных рэжымаў у сусьветным маштабе зьмяншаецца, колькасьць краінаў з дэмакратычнай сыстэмай кіраваньня — расьце.

10. Увесь час расьце вылічальная магутнасьць кампутэраў, пашыраецца доступ сусьветнага насельніцтва да інтэрнэту і паволі, але выразна паніжаецца кошт вытворчасьці сонечнай энэргіі.