Афіша:
У Партрэтнай залі Мірскага замка адбудзецца «Калядны баль для маленькіх кавалераў і дам». Удзельнікі сьвята змогуць перанесьціся ў навагоднюю казку, дапамагчы героям балю перамагчы злыя сілы і навучыцца танцаваць пад гукі палянэза, вальса, полькі-тройкі. Пачатак у 12.00 і 15.00.
Увечары ў Мірскім замку будзе працаваць «рэтра-салён» у стылі 1920-1930-х гадоў, дзе кожны госьць зможа перанесьціся ў эпоху шалёных гангстэраў і модных лэдзі, бляску казыно і іскрамётнага джазу. У гэты вечар ўсіх наведвальнікаў чакаюць музыка, танцы, а таксама гульні і забавы таго часу. Удзельнікі мерапрыемства павінны прыйсьці ў вопратцы ў стылі 1920-1930-х гадоў.
У гісторыі:
У 1793 адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай.
У 1905 расейскія войскі пацярпелі моцную паразу ў вайне зь Японіяй. Быў здадзены японцам горад Порт-Артур, а ў бухце Порт-Артура японцы затапілі расейскі браняносец «Севастопаль».
У памяці:
У 1886 нарадзіўся беларускі кампазытар Мікола Равенскі.
У 1949 нарадзіўся Генадзь Навіцкі, прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь.
У 1950 нарадзіўся беларускі палітык Сямён Домаш.
У 1958 нарадзіўся алімпійскі чэмпіён, вясьляр Уладзімер Парфяновіч.
Цытата:
У нябеснай жанчыны блакітная кроў
і з валокнаў сінечы сатканае сэрца.
Яна любіць гуляць на руінах муроў
і чакаць, покуль грэх з пакараньнем сальецца.
Яе першым каханым быў прывід-вар’ят,
што пакінуў сляды пацалункаў на вуснах.
А прызначаным лёсам стаў баль-маскарад,
залучыўшы мадонну ў палон свой спакусны.
І багіня, і служка ў абліччы адным
у пакутах мэлёдыю сьвету стварае.
Голас Вечнасьці ціха сьпявае аб тым,
што яе таямнічасьць зусім не зямная.
Ірына Хадарэнка, “Мадонна зь нябыту”.