Чаму Захад шмат даруе Азербайджану?

Крышталёвы палац у Баку, дзе праходзіў конкурс Эўравізіі-2012

Эўразьвяз і ЗША дазволілі сабе толькі прыглушаную крытыку пазыцыі Баку — у адказ на парушэньне правоў чалавека, арышты журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і закрыцьцё недзяржаўных арганізацый. Чаму?

Адказ на гэтае пытаньне шукала супрацоўніца радыё Свабода Дэйзі Сіндэлар. Яна лічыць, што прычына палягае ў зацікаўленасьці Захаду багатымі энэргарэсурсамі касьпійскай краіны і называе пяць фактараў.

Фактар першы: энэргетычная дывэрсыфікацыя ў інтарэсах інвэстараў

Эўропа даведалася на сваёй шкуры, што значыць газавая залежнасьць ад Расеі. У сыходзячым годзе пляны Паўднёвага патоку зрабіліся ілюзорнымі. Азербайджан не дае поўнага выйсьця: аб’ём штогадовай здабычы газу ў ім складае толькі 5 % ад аб’ёму здабычы ў Расеі. Але завяршэньне Паўднёвага газавага калідора — трубаправодаў газу на поўдзень Італіі праз Грузію, Турэччыну і Грэцыю — будзе спрыяць цэнавай канкурэнцыі ў Эўропе і аслабіць здольнасьць Расеі выкарыстоўваць энэргарэсурсы ў якасьці палітычнай зброі. Адначасна гэта ставіць Азербайджан у цяжкае становішча, рызыкуючы выклікаць незадаволенасьць Масквы, і таму Брусэль і Вашынгтон павінны выступіць саюзьнікам Баку.

Фактар другі: стратэгічная сытуацыя

Некаторыя малыя народы апынуліся паміж моцнымі суседзямі, такімі як Расея, Іран і Турэччына. Але гэта ня тычыцца Азербайджану, які здольны супрацьстаяць рэваншысцкаму ціску Масквы — чаго яго суседзі, Грузія і асабліва Арменія, рабіць ня могуць. Этнічная азербайджанская меншасьць на поўначы Ірану ўзьняла прывід «Вялікага Азербайджану» і сэпаратысцкага канфлікту, чаго Іран вельмі хоча пазьбегнуць.

Фактар трэці: сьвецкі мусульманскі лідэр

У пэрыяд росту заклапочанасьці Захаду з нагоды ісламскага экстрэмізму, прэзыдэнт Азербайджану Ільхам Аліеў уяўляе сабой рэдкае выключэньне — ён сьвецкі ісламскі лідэр. Яго настойлівасьць у рэлігійнай памяркоўнасьці зрабіла Азербайджан прывабным мусульманскім саюзьнікам Захаду. Баку таксама блізкі мусульманскі партнэр Ізраілю — і яго вядучы пастаўшчык нафты, у абмен ён атрымлівае сучасныя ракетныя сыстэмы і бесьпілётныя лятальныя апараты.

Фактар чацьверты: падтрымка культуры і спорту

Азербайджан даўно зразумеў, што гэтым можна купіць прызнаньне. Жонка прэзыдэнта, Мехрыбан Аліева, якая зрабілася паслом добрай волі ЮНЭСКА ў 2005 годзе, праводзіць шчодрае фінансаваньне рэканструкцыі Люўру, Вэрсальскага палацу, і Страсбурскага катэдральнага сабору. Баку патраціў больш за $ 75 млн. на правядзеньне фэерычнага Эўрабачаньня ў 2012 годзе; ён прыцягнуў францускага архітэктара Жана Нувэля, каб пабудаваць свой музэй сучаснага мастацтва. А ў чэрвені 2015 года Азербайджан зьбіраецца стаць першай краінай правядзеньня Эўрапейскіх Гульняў, свайго кшталту міні-Алімпіяды з удзелам 6000 спартоўцаў, якія спаборнічаюць у 20 відах спорту. Інвэстуецца $ 10 млрд. у новую спартовую інфраструктуру.

Фактар пяты: «ікорная дыпляматыя»

Азербайджан даўно абвінавачвалі ў «дыпляматыі чорнай ікры» — з дапамогай арганізацыі вакацыяў для «патрэбных людзей», прэзэнтаў у выглядзе дываноў, ювэлірных вырабаў і ікры. Крытыкі кажуць, што такая тактыка ўжо прынесла жаданыя вынікі ў дачыненьні з такімі інстытуцыямі, як Рада Эўропы, якая ў апошнія гады рэзка зьмякчыла стаўленьне да Азербайджану. Тычыцца гэта ня толькі Эўропы. Так, шэраг былых дыпляматаў ЗША атрымалі добрыя пасады ў кампаніях, прывязаных да азербайджанскага рэжыму. Былы намесьнік дзяржсакратара ЗША Рычард Армітэдж быў судырэктарам азербайджанскай лабісцкай групы ў Вашынгтоне. Між іншым, брытанскі прынц Эндру сутыкнуўся з крытыкай з нагоды яго частых сустрэчаў з Аліевым і візытаў у Баку ў апошнія гады.