Азэрбайджанскі чыноўнік назваў ЗША «сапраўднай радзімай гвалту, карупцыі і арыштаў»

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Азэрбайджану і дырэктар дэпартамэнта замежных адносін Наўруз Мамадаў назваў ЗША «сапраўднай радзімай гвалту, карупцыі і арыштаў».

Гэтыя словы зьявіліся ў адказ на жорсткую крытыку ў адрас Баку ў сувязі з закрыцьцём ў мінулую пятніцу бюро Азэрбайджанскай службы Радыё Свабода — «Радыё Азадлыг», ператрусамі і допытамі яго супрацоўнікаў.

Мамадаў ў сваім твітэры абвінаваціў амэрыканскіх дыпляматаў у «страце пачуцьці меры» і параіў зьвярнуць увагу на падзеі ў сваёй краіне, згадаўшы нядаўна абнародаваны даклад Сэнату ЗША аб катаваньнях затрыманых па абвінавачваньні ў тэрарызьме.

27 сьнежня прадстаўнік ЗША пры АБСЭ Дэніэл Баэр напісаў у твітэры, што рашэньне зачыніць Бакінскае бюро радыёстанцыі, якая фінансуецца амэрыканскім урадам, зьяўляецца праявай «слабасьці, няўпэўненасьці ў сабе і карумпаванасьці ўладаў».

У Баку сьледчыя пракуратуры ўжо дапыталі 12 супрацоўнікаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — прычым некаторыя допыты доўжыліся больш за 12 гадзін.

Галоўны рэдактар бакінскага бюро Зейнал Мамадлі выказаў скрайнюю занепакоенасьць далейшым лёсам сваіх калегаў.