Сотні пасажыраў застаюцца заблякаваныя на аварыйным пароме каля ўзьбярэжжа грэцкай выспы Корфу, дрэннае надвор’е ўскладняе выратавальную апэрацыю.
Улады Грэцыі і Італіі распарадзіліся аб эвакуацыі ўсіх пасажыраў з судна, у машынным аддзяленьні якога сёньня раніцай пачаўся пажар.
За мінулыя гадзіны ўдалося эвакуяваць толькі 150 з амаль пяцісот пасажыраў. Паром накіроўваўся з грэцкага порту Патрас ў італьянскі горад Анкона.
У непасрэднай блізкасьці ад аварыйнага парома знаходзяцца некалькі гандлёвых судоў, спэцыяльныя катэры італьянскіх і грэцкіх пажарных накіроўваюцца да месца здарэньня.
Хуткасьць ветру ў месцы аварыі дасягае ста кілямэтраў у гадзіну, гэта моцна ўскладняе спробы пагасіць полымя. Грэцкае тэлебачаньне паведаміла, што пасажыры парома прамоклі, ім цяжка дыхаць з-за дыму, які вырываецца з машыннага аддзяленьня.