Хто і навошта ставіць пад сумнеў Віскулі?

Your browser doesn’t support HTML5

Штогод у сьнежні да чарговых угодкаў падпісаньня Белавескага пагадненьня аб спыненьні існаваньня СССР беларускія афіцыйныя СМІ навязваюць грамадзтву дыскусію пра тое, што адбылося ў Віскулях 8 сьнежня 1991 году. Гучаць заявы пра здраду Радзіме тагачасных кіраўнікоў Беларусі, Расеі, Украіны, пра трагічную памылку, пра праект ЗША і гэтак далей.

Хіба яшчэ ёсьць нешта недагаворанае, дыскусійнае? Няўжо найноўшая гісторыя Беларусі, самастойнай дзяржавы, не даказала справядлівасьць таго рашэньня кіраўнікоў Беларусі, Расеі, Украіны?

Чаму менавіта ў Беларусі і праз 23 гады чуваць енк па СССР, а ў іншых постсавецкіх краінах — не? Няўжо за яшчэ не пераканалася грамадзтва ў перавагах жыцьця ў самастойнай дзяржаве, у сяброўскім суседзтве зь іншымі краінамі, а не ў інтэрнаце, хай і вялікім?

Чаму Аляксандар Лукашэнка, які ўзьнёсься на вяршыню ўлады ў незалежнай Беларусі, ягоныя ідэолягі працягваюць асуджаць скон Савецкага Саюзу? Мо яны выконваюць замову Крамля на аднаўленьне імпэрыі?

Як стасуецца з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншым заканадаўствам крытыка законнасьці выхаду Беларусі з СССР і наступнае абвяшчэньне незалежнай дзяржавы?

Ці шануецца ў Беларусі незалежнасьць, дзяржаўнасьць належным чынам? Ці даводзіцца праўда пра Віскулі, СССР дзецям, студэнтам? Што найперш трэба рабіць і самой дзяржаве, і грамадзянскай супольнасьці, каб кожны грамадзянін Беларусі лічыў сувэрэнітэт за вялікую каштоўнасьць?

У перадачы бяруць удзел палітыкі двух пакаленьняў: Пётра Садоўскі —дэпутат легендарнага Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, органу, які абвясьціў незалежнасьць і ратыфікаваў пагадненьне ў Віскулях. І — Юрась Губарэвіч, першы намесьнік старшыні Руху «За свабоду», які прыйшоў у палітыку ўжо ў новай Беларусі.

Перадачу вядзе Вячаслаў Ракіцкі.