Мэркель і Алянд выступаюць за найхутчэйшае правядзеньне сустрэчы па Ўкраіне

Пятро Парашэнка і Ангела Мэркель, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд пагадзіліся, што Трохбаковая кантактная група павінна як мага хутчэй сустрэцца для прыняцьця мер па далейшаму ажыцьцяўленьню ўсіх пунктаў менскіх дамоўленасьцей.

Гэта пытаньне абмяркоўвалася ў нядзелю падчас тэлефонных размоваў Парашэнкі з Мэркель і Аляндам.

Лідэры трох краін абмеркавалі неабходнасьць захаваньня бакамі канфлікту ў Данбасе менскага пратаколу. Алянд і Мэркель таксама адзначылі важнасьць «інстытуцыйнага вырашэньня» крызісу на ўсходзе Ўкраіны.

«Яны падкрэсьлілі неабходнасьць таго, каб расейскія ўлады прынялі ўсе меры, якія спрыялі б дээскалацыі», — паведамляюць у Елісейскім палацы. Там таксама праінфармавалі, што аналягічную заяву прэзыдэнт Францыі зрабіў падчас кароткай сустрэчы са сваім расейскім калегам Уладзімерам Пуціным 6 траўня ў Маскве.

Падчас размоваў адзначана, што ад моманту абвяшчэньня рэжыму спыненьня агню 9 сьнежня абстрэлы зьменшыліся. Аднак не адбыліся адвод войскаў і цяжкага ўзбраеньня ад лініі размежаваньня, закрыцьцё мяжы і вызваленьне закладнікаў. Усе гэтыя абавязальніцтвы замацаваныя ў менскіх дамоўленасьцях.

Пятро Парашэнка асабліва адзначыў неабходнасьць вызваленьня ўсіх закладнікаў, колькасьць якіх на сёньняшні дзень перавышае 600 чалавек.