Парашэнка патрабуе ад Расеі вывесьці яе войскі з Данбасу

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Пётр Парашэнка заклікаў Расею спыніць падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, маючы на ўвазе і вывад расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі.

Ён таксама заклікаў Расею закрыць мяжу паміж дзьвюма краінамі і дадаў, што гэтага будзе дастаткова, каб на працягу некалькіх тыдняў дасягнуць «міру і стабільнасьці ва Ўкраіне».

Парашэнка казаў пра гэта ў часе візыту ў Аўстралію. Прэм’ер-міністар Аўстраліі Тоні Эбат, які разам з Парашэнка казаў у Мэльбурне, выказаў ад імя сваёй краіны «глыбокую салідарнасьць са свабоднай Украіны».

Парашэнка і Эбат выступалі на наступны дзень пасьля таго, як новыя сутыкненьні паміж украінскімі войскамі і прарасейскімі сэпаратыстамі зацямнілі пэрспэктывы ўстойлівага спыненьня агню. Кіеў выключае мірныя перамовы да тых часоў, пакуль баевікі не спыняць стральбу цалкам.

Масква адмаўляе любую датычнасьць да канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.