У Іране будуць судзіць карэспандэнта газэты Washington Post

Суд у Тэгеране прад’явіў афіцыйныя абвінавачваньні карэспандэнту газэты Washington Post Джэйсану Рэзаіану, які быў затрыманы ў Іране летам.

Як перадае выданьне, у суботу пасяджэньне суду, дзе разглядалася яго справа, доўжылася каля дзесяці гадзін. Рэзаіан падпісаў дакумэнт, у якім гаворыцца, што ён разумее, у чым яго вінавацяць. Між тым, у чым сутнасьць абвінавачваньняў, не паведамляецца, адзначае газэта.

Некалькі дзён таму ўтрыманьне пад вартай журналіста было падоўжанае да студзеня 2015 года ў сувязі з тым, што расьсьледаваньне ў дачыненьні да яго працягваецца.

Рэзаіан — грамадзянін ЗША іранскага паходжаньня, які мае падвойнае грамадзянства, быў арыштаваны 22 ліпеня разам са сваёй жонкай Егянех Салехі, якая таксама працуе журналістам. Пазьней яна была вызваленая пад заклад.