Шыльды па-беларуску. Як выконваюцца патрабаваньні закону на Гомельшчыне?

Ігар Случак зьвярнуўся у райвыканкамы Гомельскай вобласьці з пытаньнем, чаму шыльды і паказальнікі не падпісваюцца па-беларуску, як гэтага патрабуе закон. І вось якія атрымаў адказы.

Закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» існуе ў Беларусі з 2010 году. Ягоны артыкул 17 прадугледжвае норму, паводле якой назвы геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, зь якой шляхам трансьлітарацыі перадаюцца на расейскую.

Гэта добрая норма, бо ў адпаведнасьці зь ёй усе вулічныя паказальнікі ў беларускіх населеных пунктах павінны рабіцца па-беларуску. Павінны, — гэта, вядома, задужа моцнае слова, закон дазваляе пісаць назвы вуліц па-расейску. Але, думаю, самы заўзяты расейскі нацыяналіст не захоча, каб гомельская Гаспадарчая вуліца была нанесена на шыльду па-расейску як «Господарчая улица», згодна з патрабаваньнем беларускага заканадаўства, а не «Хозяйственная».

Я накіраваў чыноўнікам лісты з пытаньнем: ці выкарыстоўваюцца беларускамоўныя шыльды і ці правільна праводзіцца трансьлітарацыя расейскамоўных? Ці ведаюць і выкарыстоўваюць закон чыноўнікі, якія адказваюць за добраўпарадкаваньне населеных пунктаў?

Паспрабуем з гэтым разабрацца і пачнём з Гомельшчыны, самай усходняй часткі Беларусі, што мяжуе як з Расеяй, так і з Украінай.

Віктар Замосьцік

Намесьнік старшыні Калінкавіцкага райвыканкаму Віктар Замосьцік паведамляе наступнае:

«У адпаведнасьці з артыкулам 17 Канстытуцыі Беларусі дзяржаўнымі мовамі зьяўляюцца беларуская і руская. Акрамя таго, у адпаведнасьці з артыкулам 8 закону „Аб мовах“ у Беларусі мовамі справаводзтва і дакумэнтацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзкіх аб’яднаньняў зьяўляюцца беларуская і (або) руская мовы.

Закон не прадугледжвае вядзеньне справаводзтва, дакумэнтацыі, у тым ліку дубляваньне назваў вуліц і іншых паказальнікаў адрасоў, адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах».

«Сядай, Віктар, кол!», — так бы сказаў князь Ярэма Вішнявецкі. А мы проста заўважым, што чыноўнік спасылаецца на Закон аб мовах, але справа тычыцца закону «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў», пра існаваньне якога чыноўнік, магчыма, ня ведае.

Генадзь Суздалеў - справа

Былы старшыня Жлобінскага райвыканкаму Генадзь Суздалеў пераплюнуў свайго калегу з Калінкавіч у веданьні юрыдычных нормаў, якія ня тычацца справы. Да пералічаных Замосьцікам Канстытуцыі і закону «Аб мовах» ён дадаў яшчэ і няведама навошта Кодэкс аб адукацыі. Усе гэтыя акты, на яго думку, «даюць магчымасьць грамадзянам самім выбіраць, на якой зь дзьвюх моваў размаўляць, атрымліваць адукацыю, займацца творчасьцю і г. д. У сувязі з гэтым, шыльды з назвамі вуліц і іншыя надпісы, якія пазначаюць месцазнаходжаньне аб’ектаў, могуць быць як на рускай, так і на беларускай мовах».

Цікавыя высновы, якім бы пазайздросьціў і Кручкоў зь «Пінскай шляхты». Але, тым ня менш, закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» зноў не ўзгаданы. Адпаведна, і спадзявацца на слушную трансьлітарацыю жлобінскіх шыльдаў не выпадае. Спадзяюся, пры новым старшыні Івану Навуменку сытуацыя з шыльдамі зьменіцца ў лепшы бок — пра гэта мы даведаемся неўзабаве.

Тацяна Шэхцер

Намесьніца старшыні Кармянскага райвыканкаму Тацяна Шэхцер, здаецца, пра закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» ведае, хоць магчыма ня ведае пра закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», паводле якога адказ на зварот павінен давацца на мове звароту. У маім выпадку зварот быў па-беларуску, але адказ быў падрыхтаваны на расейскай мове. Вось што паведамляецца ў адказе:

«Кормянский районный исполнительный комитет благодарит Вас за предложение. Мы с Вами согласны».

Тацяна Шэхцер

Ну, калі згодныя, то я ўжо гатовы дараваць і расейскамоўны адказ — ня часта сустрэнеш пісьменнага і адэкватнага чыноўніка.

Далей Шэхцер працягвае:

«Все заинтересованные службы ознакомлены с Вашим предложением. Работы по замене уличных указателей будут производиться постепенно при проведении ремонтных работ и наличии финансовых средств».

Гэта ўсё, вядома, правільна і абгрунтавана, але калі закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» прадугледжвае напісаньне вулічных шыльдаў або па-беларуску, або ў трансьлітарацыі зь беларускай, — то ці законнае існаваньне старых расейскамоўных шыльдаў, дзе зь беларускай даецца пераклад? Тэрмінаў замены незаконных шыльдаў закон не вызначае. Але закон і ня кажа, што яны маюць права на існаваньне і могуць быць замененыя пры правядзеньні рамонтных працаў і фінансавых магчымасьцяў для гэтых працаў. Так гэтая замена шыльдаў на дзесяцігодзьдзі можа расьцягнуцца, бо мэтал — ён і ў Беларусі мэтал: зношваецца мала і якасьцяў сваіх ня траціць вельмі доўга.

Дык калі закон не працуе — ці гэта закон? Чыноўнікі, здаецца, лічаць, што калі няма выразнай санкцыі за невыкананьне, закон можна і не выконваць або выконваць у форме «італьянскага страйку».

Калі ў раённых цэнтрах сытуацыя з выкананьнем закону «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» ня вельмі вясёлая, то, магчыма, яна лепшая ў раёнах абласнога цэнтру?

Сяргей Кадола

У адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля пра закон ведаюць, як ведаюць і пра падзаконныя акты. Акрамя іншага, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Сяргей Кадола паведаміў наступнае:

«У адпаведнасьці з нарматыўнымі актамі перайменаваньне вуліц, а таксама ўзгадненьне адзінага ўзору эскізу вулічных паказальнікаў знаходзяцца ў вядзеньні тапанімічнай камісіі, створанай у Гомельскім гарадзкім выканаўчым камітэце (рашэньне Гомельскага гарвыканкама ад 1999 года № 194).

Зыходзячы з вышэй сказанага, рэкамэндуем накіраваць Вашы прапановы па афармленьні вулічных паказальнікаў у гарадзкую тапанімічную камісію.

Дзякуем Вам за актыўную жыцьцёвую пазыцыю і неабыякавыя адносіны да афармленьня інфармацыйнай прасторы нашага горада».

Мяркуючы па адказе, у адміністрацыі Савецкага раёну за заканадаўствам сочаць, але рэалізоўваць яго не сьпяшаюцца. Дый зыходзячы з сытуацыі, якая склалася ў Гомелі з шыльдамі, тапанімічная камісія з 1999 году так і ня вызначылася з адзіным эскізам вулічных паказальнікаў.

У адных выпадках патрабаваньні закону «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» у Гомелі выконваюцца, і расейскамоўныя шыльды зьмяняюцца на беларускамоўныя.

Шыльды ў Гомелі

У іншых выпадках патрабаваньні закону ігнаруюцца, замест беларускамоўных шыльдаў вешаюцца новыя расейскамоўныя ў перакладзе зь беларускай.

А бываюць наагул выпадкі, калі ўжо беларускамоўныя шыльды трансьлітаруюць з расейскай мовы на беларускую, тым самым ня толькі парушаючы закон, але і легалізуючы «трасянку».

Бываюць і проста шыльды з памылкамі.

Нават у добрых прыкладах вулічных шыльдаў досыць часта сустракаецца тая хіба, што зь беларускай мовы на расейскую робіцца пераклад, а не трансьлітарацыя.

І гэта пры тым, што сытуацыя з шыльдамі ў Гомелі нашмат лепшая, чым у раённых цэнтрах вобласьці.

Я скарыстаўся прапановай адміністрацыі і зьвярнуўся ў Гомельскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Аксана Рудзянок - справа

Намесьніца Гомельскага гарвыканкаму Аксана Рудзянок паведаміла:

«Ваша прапанова вырабляць новыя паказальнікі па-беларуску пры правядзеньні прац па замене старых шыльд з назвамі вуліц на новыя будзе разгледжана на чарговым паседжаньні тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкаму.

Па выніках рашэньня камісіі адказ будзе дадзены дадаткова».

Я запасься папкорнам, але адказ доўга чакаць мяне не прымусіў.

Згаданая Ала Рудзянок празь месяц паведаміла:

«Дадзенае пытаньне будзе разглядацца дадаткова пры замене аншлагаў у выпадку наяўнасьці фінансаваньня ў бюджэце ў 2014 годзе».

Як бачым, зноў мы вяртаемся да таго, што закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» не ўспрымаецца ўсур’ёз як закон, і яго выкананьне залежыць ад зьбегу абставін. У дадзеным выпадку — ад наяўнасьці фінансаваньня.

2014 год сканчаецца, але сытуацыя з шыльдамі ў Гомелі не палепшылася. Больш за тое, зьяўляюцца новыя расейскамоўныя шыльды, дзе расейскамоўныя назвы не трансьлітараваныя зь беларускай, а перакладзеныя.

Але, магчыма, лепшая сытуацыя на абласным узроўні?

Ірына Даўгала

Начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкаму Ірына Даўгала паведаміла:

«Па даручэнні кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкаму Ваш зварот разгледжаны галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з галоўным упраўленнем юстыцыі аблвыканкама і гаррайвыканкамамі вобласці».

Нічога ня скажаш — вялікая нарада атрымалася, столькі вучоных мужоў і жанок сабраліся ў адным месцы, каб шыльдачкі абмеркаваць. Але які вынік? Вынік такі, што ў адказе былі згаданыя толькі Канстытуцыя і закон «Аб мовах», а пра закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» ні слова. Нават упраўленьне юстыцыі не дапамагло яго адшукаць, што ўжо казаць пра ідэолягаў і кіраўнікоў раёнаў.

Таму і лягічным было рэзюмэ ідэоляга Даўгалы: «Парадак выкарыстаньня дзяржаўных моў непасрэдна пры афармленьні шыльд з назвамі вуліц і іншымі геаграфічнымі найменьнямі законам ня вызначаны».

Такі вось юрыдычны нігілізм, хоць у законе «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў», як мы ведаем, усё гэта прапісана.

Але напрыканцы вернемся ў раёны, а дакладней — у Акцябрскі раён, праслаўлены Ксюшай Дзягелькай і недарэчнай назвай, якая засталася яму ў спадчыну з савецкіх часоў.

Намесьнік старшыні райвыканкаму Ігар Угрын нормы закону «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў» ведае (а як з такой назвай раёну ня ведаць!) і паведамляе:

Ігар Угрын па цэнтры

«Нормай закону ўсталявана трансьлітарацыя геаграфічных назваў зь беларускай мовы на рускую, а не прамы пераклад».

Бінго! Тое, над чым раіліся ідэолягі, юрысты і старшыні раёнаў і гарадоў вобласьці, зьдзейсьнілася — быў дадзены нарэшце правільны адказ! І чаму толькі Ігар Угрын не ў аблвыканкаме, ці хоць бы не намесьнік, а старшыня Акцябрскага райвыканкаму?...

Толькі вось адно, як той казаў, пытаньнечка ўзьнікае — калі ў адпаведнасьці з законам трансьлітарацыя назвы геаграфічнага аб’екту робіцца зь беларускамоўнага варыянту, то чаму Ксюша Дзягелька і Ігар Угрын жывуць у Акцябрскім раёне, а не ў Кастрычніцкім?

Але гэта ўжо іншая гісторыя. А наступным разам мы пагаворым з вамі пра тое, як адлюстраваная беларуская мова на вулічных шыльдах іншых беларускіх рэгіёнаў.