«Газэты выпісваю, бо інакш пакараюць». Апытаньне ў Магілёве

«Якія газэты вы выпісваеце? Ці сутыкаліся з выпадкамі, калі начальства прымушала выпісваць тыя ці іншыя выданьні? Як ставіцеся да такіх фактаў?». Адказваюць жыхары Магілёва

«Якія газэты вы выпісваеце? Ці сутыкаліся з выпадкамі, калі начальства прымушала выпісваць тыя ці іншыя выданьні? Як ставіцеся да такіх фактаў?». Адказваюць жыхары Магілёва.

Your browser doesn’t support HTML5

Якія газэты вы выпісваеце? Ці начальства прымушае? Адказваюць магілёўцы

Спадар: «„Веснік Магілёва“, „Трудовую Славу“ і „Советскую Белоруссию“. Прымушаюць выпісваць. Менавіта прымушаюць. Вось дзьве газэты „Трудовой Славы“ навошта мне? Жонка працуе на „Лаўсане“, і я там працую. А бывае, што ў кватэру прыходзіць тры такіх газэты. Калі я буду пратэставаць, мне потым бокам выйдзе. Караць будуць. Даводзіцца выпісваць».

Малады спадар: «І ў мяне такое было. Давалі выбраць. Усе былі магілёўскія газэты. Я супраціўляўся, але потым усё роўна падпісваўся, і потым я іх чытаў».

Малады спадар: «Калі чэсна, то ніякіх. Няма калі іх чытаць. Цяпер інтэрнэт, таму газэты ня дужа папулярныя».

Спадар: «Нейкія спэцыфічныя прапаноўвалі выпісаць. Як у школах „Юные спасатели“. Я не пратэставаў — проста яны мне былі не патрэбныя. Калі дзіцяці цікавы часопіс, то яго можна і выпісаць. Але цяпер газэты ўжо не актуальныя».

Спадар сталага веку: «Паштар звычайна прыходзіць ды пытае: „Якія будзеце выпісваць?“ Дык мы магілёўскія выпісваем. Раней на вытворчасьці, дык прыціскалі з гэтым».

Спадар сталага веку: «Днепровскую неделю» і «Народный доктор». Калі я працаваў, дык «Советскую Белоруссию» ніхто не хацеў выпісваць, дык на вытворчасьць выдзялялі ад 2 да 4 газэт. Не, мы не пратэставалі, бо мы былі залежныя«.

Малады спадар: «Ніякія цяпер не выпісваю. Інтэрнэт цяпер іх замяняе. Я на дзяржаўных прадпрыемствах не працую, дык не прапануюць. Навошта, каб навязвалі? Няхай завабяць інфармацыяй цікавай».

Малады спадар: «„Беларусь сегодня“ выпісвалі, але цяпер ніякіх. Чуў, што прымушаюць некаторыя газэты выпісваць, але якія — шчыра, нават ня ведаю».

Малады спадар: «Была такая справа. У мяне мама лекар, дык выпісвае газэту для мэдыкаў. Яе гэта ня дужа напружвала, бо сума невялікая, а інфармацыя іншым разам карысная бывае».

Спадарыня: «Ніякіх абсалютна. Калі трэба, то набываю ў кіёску. Ніхто ніколі не гвалтаваў і не прымушаў».

Спадар: «Ніякіх не выпісваю. Навошта. Інтэрнэт жа ёсьць. Прапаноўвалі, я не хацеў. На працы, на заводзе».

Малады спадар: «„Советская Белоруссия“ і „Белпотребсоюз“ — выпісваў самастойна».

Спадар: «Ніякія. А што ў іх чытаць? Цяпер я нічога цікавага ня бачу ў нашых газэтах. Цяпер ніхто не прымушае. А калі працаваў на вытворчасьці — на заводзе Кірава і на „Лаўсане“, то гэта абавязак быў. Абавязалаўка, і ўсё».