Рака плыве ў бясконцасьць

Абсалютна нечакана, некалькі месяцаў таму, у сьвеце рок-музыкі бабахнула навіна, што гурт «Пінк Флойд» выдае новы альбом.

Мабыць, параўнальнай па значнасьці сэнсацыяй у гэтым сьвеце было б толькі паведамленьне, што новы альбом выдаюць «The Rolling Stones». Таму што «Пінк Флойд» і «Стоўнзы» — бадай ці не найстарэйшыя сцэнічным стажам гурты зь першага шэрагу рок-музыкі, якія фармальна не абвясьцілі аб сваім роспуску. «Стоўнзы» ўзьніклі ў 1963 годзе, «Пінк Флойд» — у 1965. Мінула паўстагодзьдзя — а яны ня толькі што жывыя, але ўсё яшчэ час ад часу нешта зайграюць.

З рэанімацыяй «Пінк Флойд» сытуацыя, усё ж, больш складаная, чым з «The Rolling Stones» — клявішнік гурту Рычард Райт памёр у 2008 годзе ад раку, а басіст Роджэр Ўотэрс разышоўся з калегамі ў сярэдзіне 1980-х і не намераны зноў сыходзіцца. Так што ў гурце засталіся толькі гітарыст Дэйвід Гілмар і бубнач Нік Мэйсан.

І вось Гілмар з Мэйсанам на гэтым тыдні выпусьцілі на рынак альбом «Пінк Флойд» пад назвай «The Endless River». На дыску мы знойдзем музыку, якую Гілмар, Мэйсан і Райт запісалі ў 1993 годзе, калі сабраліся працаваць над сваім апошнім супольным праектам — альбомам «The Division Bell» (1994). З 20-гадзіннага джэм-сэшну, падчас якога музыкі «разаграваліся» перад асноўнай працай, Гілмар і Мэйсан выбралі каля 50 хвілінаў запісу, апрацавалі яго найноўшымі тэхнічнымі сродкамі, запісалі новыя інструмэнтальныя партыі або перазапісалі старыя і такім чынам атрымалі «новы» прадукт.

Альбом «The Endless River» — амаль поўнасьцю інструмэнтальны. Ён утрымлівае ўсяго адну песьню з вакалам Гілмара — «Louder Than Words» — словы якой напісала Гілмарава жонка, Полі Сэмсан. Як заяўлялі Гілмар і Мэйсан у інтэрвію музычнай прэсе перад выданьнем альбому, дыск прысьвечаны перш за ўсё іхнаму калегу Рычарду Райту, роля якога ў стварэньні зьявы пад назвай «Пінк Флойд» недаравальна прыменшвалася ў мінулым. Рычард Райт пазначаны як аўтар або суаўтар 11 з 18 наогул кароткіх кампазыцый на дыску.

Праўду кажучы, з музычнага боку альбом «The Endless River» моцна расчароўвае. Музыка на ім выразна слабейшая за тую, якую «Пінк Флойд» запісалі для альбому «The Division Bell». Пераважная большасьць кампазыцый нагадвае хутчэй накіды песьняў, чым нешта закончанае. Зразумела, гітара Гілмара і клявішы Райта ні на момант не дазваляюць забыцца, што мы слухаем менавіта the Pink Floyd sound, аднак музыка «не забірае».

Але ці ж гэтае расчараваньне мае вялікае значэньне для сапраўдных фанаў «Пінк Флойд», якія помняць іх з запісаў і канцэртаў у 1970-х, калі яны выпускалі такія шэдэўральныя рэчы, як «Dark Side of the Moon», «Wish You Were Here» і «Animals»? І калі цяпер, пасьля 20 (дваццаці!) гадоў каматознага існаваньня свайго ўлюбёнага гурту, гэтыя фаны прычакалі новага альбому? Не, вялікага значэньня гэтае расчараваньне ня мае.

«It’s louder than words — this thing that we do» (тое, што мы робім — гучнейшае за словы) — сьпявае Дэйвід Гілмар у разьвітальнай песьні альбому. Гэта, найбольш верагодна, і разьвітаньне з усёй 50-гадовай гісторыяй «Пінк Флойд». Са сцэны сыходзіць адзін з найбольш яркіх музычных выканаўцаў другой паловы ХХ стагодзьдзя. Ня тое, каб моцна ляснуўшы дзьвярыма, але ўсё ж пры поўнай залі слухачоў і гледачоў. Нізкі паклон і вялікі дзякуй!

Рычард Райт, Дэйвід Гілмар і Нік Мэйсан у 1971