Пра гэта Радыё Свабода паведаміў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Раніцай хлопца затрымалі ў памяшканьні ПТВ, дзе мы размаўлялі з адміністрацыяй наконт іх супрацьпраўных дзеяньняў па перашкодзе збору подпісаў і адборы падпісных аркушаў. Яго даставілі ў Партызанскі РУУС, дзе разам зь ім быў я. Хлопец пісаў тлумачэньне. Я таксама заявіў супрацоўнікам міліцыі, што збор подпісаў ажыцьцяўляецца ў рамках закону аб зваротах грамадзян і не патрабуе дадатковага дазволу з боку выканкаму, а хлопец зьяўляецца актывістам руху „За свабоду“. Мяне папрасілі прывезьці статутныя дакумэнты руху „За свабоду“, што я і зрабіў. На момант, калі я вярнуўся ў РУУС, Уладзіслава на месцы не было. Я размаўляў з намесьнікам начальніка РУУС Альшэўскім, і ён сказаў, што бачыць у дзеяньнях зьбіральніка подпісаў парушэньне артыкула, які рэглямэнтуе парадак падрыхтоўкі да масавых мерапрыемстваў. Адпаведна, Уладзіслаў быў затрыманы і будзе перапраўлены ў суд», — распавёў Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч
Хутчэй за ўсё, разгляд справы актывіста адбудзецца сёньня ў Партызанскім райсудзе Менску, але дакладнай інфармацыі на гэты конт пакуль няма.