Менгарвыканкам дазволіў шэсьце і мітынг на «Дзяды»

Юрась Беленкі падчас леташняга шэсьця на Дзяды

Арганізатарам сёлетняга шэсьця на Курапаты традыцыйна выступае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі распавёў карэспандэнту Свабоды падрабязнасьці сёлетняга адзначэньня:

«Мы замаўлялі традыцыйны фармат мерапрыемстваў. Збор удзельнікаў у 10:30 каля Менскага гадзіньнікавага заводу. У 11 гадзін пачатак шэсьця па традыцыйным маршруце ўздоўж праспэкту Незалежнасьці. Потым па вуліцах Каліноўскага, Карбышава і Гамарніка — гэта маршрут да Курапатаў. У Курапатах у 14:30 пачнецца мітынг. Традыцыйна мы ідзем са зьнічкамі, кветкамі. Пасьля мітынгу мы ўсталёўваем крыжы, ставім зьнічкі, кладзем кветкі каля магілаў нявінна забітых беларусаў. Гэта якраз тое, што ў дзень памяці продкаў належыць нам рабіць: узгадваць памерлых, нявінна забітых, але і глядзець у будучыню, думаць, што рабіць, каб падобнага больш не было на нашай зямлі. Дух пераемнасьці пакаленьняў — гэта дух гэтага мерапрыемства».

Карэспандэнт: «Заяўка задаволеная ў тым фармаце, які вы прапанавалі?»

Беленькі: «Так. Гэта ўжо шмат гадоў па гэтым фармаце ладзіцца мерапрыемства. Улады сёньня так і сказалі, што такі фармат яны назіраюць шмат гадоў, асаблівых прэтэнзіяў няма. То бок арганізатары бяруць на сябе адказнасьць пры правядзеньні мерапрыемства, годна яго праводзяць, і таму на гэты раз даюць дазвол. Дазвол дадзены на ўдзел да пяці тысяч чалавек».

Карэспандэнт: «Сёлета шэсьце адбываецца падчас агрэсіі Расеі супраць Украіны. Ці будзе гэта неяк уплываць на акцыю?»

Карані гэтых трагедыяў аднолькавыя — імпэрская ідэалёгія ў самых вычварных і страшных формах

Беленькі: «Мы памятаем, што трагедыя беларускага, украінскага народаў і ўсіх народаў, якія знаходзіліся ў расейскай імпэрыі, — гэта наш агульны лёс. Галадамор ва Ўкраіне і трагедыя Курапатаў маюць непарыўную сувязь. Прынамсі, я неаднаразова казаў пра гэта ў Курапатах — пра арганізаваны расейскімі бальшавікамі галадамор ва Ўкраіне і генацыд беларусаў у шматлікіх Курапатах у Беларусі. Карані гэтых трагедыяў аднолькавыя — імпэрская ідэалёгія ў самых вычварных і страшных формах. Гэта рэалізацыя палітыкі таталітарных сыстэм. Таму мы згадваем пра ўсе ахвяры і прадстаўнікоў тых народаў, якія былі рэпрэсаваныя на тэрыторыі Беларусі і якія ляжаць у Курапатах. Мы вітаем, калі падыходзяць прадстаўнікі амбасадаў у Менску і ўскладаюць кветкі каля курапацкіх магілаў, і проста грамадзянаў зь іншых краінаў. І калі далучацца да мерапрыемства грамадзяне іншых краінаў, то мы гэта будзем толькі вітаць».

Карэспандэнт: «Як будзе адбывацца сёлета ўсталяваньне крыжоў?»

Беленькі: «Мы нясём крыжы — гэта крыжовы шлях, які некалі ўзьнік па прапанове першаадкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Гэтая традыцыя замацавалася, і шмат гадоў людзі прыходзяць, нясуць крыжы. Мы як арганізатары пэўную колькасьць крыжоў замаўляем і прыносім, але бачым добрую тэндэнцыю, што проста прыходзяць людзі з крыжамі. У асноўным гэта моладзь. Яны нясуць крыжы і ўсталёўваюць у Курапатах».

Упершыню Дзяды ў Курапатах адзначалі 30 кастрычніка 1988 году. Тады, неўзабаве пасьля стварэньня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, было задумана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.