«Лукашэнка ня ведае беларускай мовы, і дзьвюх гадзін, каб навучыцца, яму будзе мала», — апытаньне ў Магілёве

Апытаньне «Свабоды»: «Чаму Аляксандар Лукашэнка не гаворыць па-беларуску? Як вы да гэтага ставіцеся?». Адказвалі жыхары Магілёва.

Your browser doesn’t support HTML5

«Чаму Аляксандар Лукашэнка не гаворыць па-беларуску? Як вы да гэтага ставіцеся?». Адказваюць магілёўцы


Спадарыня сталага веку: «А чаму наагул у нас беларусы не гавораць на нашай роднай мове? Гэтае пытаньне трэба было задаць даўно. Гэта ўжо страчаны момант. І гэта дужа кепска».

Спадар: «А я ж таксама не гавару па-беларуску. Каб гаварыць па-беларуску, трэба стала знаходзіцца ў моўным асяродзьдзі. Калі побач ёсьць беларускамоўныя, то можна навучыцца. Але ў яго, як гаворыцца, акрамя „як гаварыць па-беларуску“ ёсьць яшчэ цэлы шэраг абавязкаў».

Маладая спадарыня: «Мне ўсё роўна, гаворыць ён на беларускай мове ці на расейскай. Я гавару ў асноўным на расейскай, таму я яго дужа добра разумею. У нас жа дзьве дзяржаўныя мовы. На якой мове яму зручней, на той ён і гаворыць».

Юнак: «Калі ён будзе гаварыць толькі па-беларуску, то ня ўсе яго зразумеюць, відаць. Расейская мова ў нас жа таксама атрымліваецца, што дзяржаўная. А што да мяне, то мне ўсё роўна, калі шчыра».

Спадарыня сталага веку: «Ды ён ня ведае яе проста. Мовай жа трэба ўмець карыстацца. Дзьве гадзіны наўрад ці яму хопіць, каб навучыцца. Трэба значна болей часу. Ён павінен ведаць абавязкова. Вось украінцы ж сваю мову ведаюць, а мы сваёй практычна не карыстаемся і крыху яе ўшчамляем. Гэта кепска».

Юнак: «Пытаньне ў мяне такое ўзьнікала. Дзіўна — ва Ўкраіне прадстаўнікі ўлады гаворыць па-ўкраінску, хоць там таксама расейская мова распаўсюджаная. Відаць, у нас бальшыня народу гаворыць на расейскай мове, і ён думае, што не данясе да яго свае ідэі, да народу».

Дзьве маладыя спадарыні: «Чаму, ён гаворыць па-беларуску пэрыядычна. Што значыць — ня ведае? Ведае! У нас жа дзьве мовы. Беларусы ж таксама многія ня ведаюць беларускай мовы. Грамадзянам жа выбар даецца, а прэзыдэнт таксама грамадзянін. Свабода выбару».

Спадар: «Мы ж хто на чым гаворым, і ён гэтаксама. У яго няма такой мэты — гаварыць чыста на беларускай мове».

Спадар: «Ды я не магу гэта патлумачыць. Ня хоча, напэўна, ці ня можа. Напэўна, хутчэй ня можа, бо слабаваты мазгамі».

Спадарыня: «Нармальна да гэтага стаўлюся. Тут палова насельніцтва гаворыць па-беларуску, палова па-расейску. У гэтым няма нічога страшнага. Галоўнае, каб ён за наш народ перажываў. А на якой мове ён гаворыць — гэта не настолькі істотна».

Спадар: «Мне асабіста ўсё роўна, па-расейску ён гаворыць ці па-беларуску. У Беларусі працэнтаў дзевяноста гавораць па-расейску, але яны ўмеюць гаварыць па-беларуску. Трэба — народ загаворыць па-беларуску. Ён — адлюстраваньне свайго народу».