Пераход Беларусі на маскоўскі час — спроба прадэманстраваць ляяльнасьць Крамлю, — Лябедзька

Ці трэба лічыць пераход Беларусі на маскоўскі час палітычным ці эканамічным крокам, або гэта выключна астранамічная праблема? З гэтым пытаньнем Радыё Свабода зьвярнулася да вядомых беларусаў.

Блогер Яўген Ліпковіч: «Гэта выключна палітыка насамрэч, ніякай эканомікі там няма — гэта нават супярэчыць эканоміцы. Раней нас пераконвалі, што нам трэба пераходзіць на зімовы час, таму што мы эканомім на гэтым ледзь не 300 мільёнаў даляраў. Былі нават выкладкі дадзены: 20 мільёнаў кіляват-гадзін было зэканомлена — гэта 0,06% усёй спажыванай электраэнэргіі ў краіне. З улікам таго, што грошы для нас зусім ня лішнія, я думаю, што ёсьць сэнс пераходзіць на зімовы час. Пры чым тут Расея?»

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: «Я думаю, што Лукашэнка па нейкіх дробязях спрабуе актыўна дэманстраваць прыхільнасьць да крамлёўскага курсу, але ў кампэнсацыю за гэтыя адносна невялікія страты ён патрабуе прэфэрэнцыяў. Таму я лічу, што гэтае пытаньне можна разглядаць як больш палітычнае, чым эканамічнае. Думаю, што Лукашэнка на двухбаковых сустрэчах будзе пра гэта казаць і прадаваць гэта як нейкую вялікую ляяльнасьць да Пуціна, таму што ёсьць пытаньні па якіх Беларусь вельмі-вельмі моцна залежыць ад Расеі — гэта наступства 20-гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі».

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч: «Зразумела, гэта можна абгрунтаваць эканамічнымі пытаньнямі, таму што найбольш моцныя сувязі ў нас зараз з усходнім рэгіёнам. Але, безумоўна, дрэнна, калі такія рашэньні прымаюцца без уліку іншых фактараў, такіх, як зручнасьць для грамадзян Беларусі, зьвязаных з пытаньнямі здароўя і самаадчуваньня людзей, якія вымушаны ўставаць раней ці пазьней за пачатак сьветлавога дня. Я лічу, што нельга быць настолькі прывязанымі да жаданьняў усходняга суседа, нават калі мы маем зь ім вельмі шчыльныя адносіны. Трэба думаць перадусім пра інтарэсы грамадзян нашай краіны».