Дзень народзінаў Пуціна: 100 000 чачэнцаў на маршы ў Грозным і выстава ў Маскве

У цэнтральнай краме Масквы стартаваў продаж новай калекцыі адзеньня, прысьвечанай Пуціну (фота з ЖЖ martin.livejournal.com)

Пакуль сам Уладзімір Пуцін адзначае сваё 62-годзьдзе ў тайзе, прыхільнікі расейскага прэзыдэнта з нагоды яго народзінаў ладзяць шэраг мерапрыемстваў.

Пра шматтысячнае шэсьце ў чачэнскай сталіцы паведамляе прэсавая служба кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. У паведамленьні гаворыцца, што ў Грозным на марш, прымеркаваны да дня народзінаў Пуціна, выйшлі 100 тысяч чачэнцаў, якія былі апранутыя ў колеры расейскага і чачэнскага дзяржаўных сьцягоў. Апроч таго, адбыўся мітынг, у якім з прамоваю выступіў сам Рамзан Кадыраў.

«Мы выйшлі, каб сказаць словы ўдзячнасьці патрыёту, нашаму нацыянальнаму лідэру, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Ўладзіміру Ўладзіміравічу Пуціну. Мы памятаем і ніколі не забудзем, як нас падтрымаў Уладзімір Пуцін у самыя цяжкія для чачэнскага народу дні», — цытуе Рамзана Кадырава ягоная прэсавая служба.

У Маскве Ўладзіміра Пуціна павіншавалі з днём народзінаў адмысловай выставай, прысьвечанай дасягненьням расейскага прэзыдэнта.

Дызайнэры і ілюстратары наладзілі выставу «12 подзьвігаў Пуціна» — на прэзэнтаваных тут карцінах расейскага лідэра параўноўваюць з героем старажытнагрэцкіх мітаў Гераклам. Выставу арганізавалі прыхільнікі прэзыдэнта Расеі ў Фэйсбуку, якія аб’ядналіся ў адмысловай групе «Сеть сторонников Владимира Путина».

«Дзіўным чынам падзеі старажытных апавяданьняў пра мітычнага героя Геракла можна перакласьці і на нашы дні, калі трохгаловы пёс Цэрбэр нагадвае ЗША, зьнішчэньне стымфалійскіх птушак — спыненьне авіябамбёжкі ў Сырыі, а ачыстка Аўгіевых стайняў — гэта барацьба з карупцыяй», — гэтак тлумачаць аўтары свае аналёгіі.

Выставу прэзэнтавалі ў адной з маскоўскіх галерэй. Ёсьць у экспазыцыі і аднясеньні да найбольш актуальных падзеяў. Гэтак, забойства Лернэйскай гідры параўноўваюць з адказам на санкцыі Захаду, а ўтаймаванне крыцкага быка — з захопам Крыму.

Некаторыя расейскія навінавыя парталы абвяргалі зьвесткі пра выставу, але, як высьветлілася, гэта было зьвязана са зьменаю месца імпрэзы.

У цэнтральнай краме расейскай сталіцы акурат напярэдадні стартаваў продаж новай калекцыі адзеньня, прысьвечанай Пуціну. Увесну ў ГУМе вялікі ажыятаж выклікалі футболкі з партрэтамі расейскага прэзыдэнта. Цяпер жа аматары Пуціна змаглі набыць цяплейшыя рэчы з выявамі свайго куміра, напрыклад, у вобразе хакеіста або ў цёмных акулярах.

Больш здымкаў з крамы і выставы можна ў ЖЖ martin.livejournal.com

Незвычайныя падарункі з нагоды дня народзінаў прэзыдэнта Расеі рыхтуюць не ўпершыню. Да 50-годзьдзя Пуціна расейскія ювэліры стварылі дакладную копію шапкі Манамаха.

Чатыры гады таму студэнткі факультэту журналісткі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту падарылі Пуціну, калі той быў яшчэ на пасадзе прэм’ер-міністра, адмысловы каляндар са сваімі эратычнымі здымкамі.

Аднак самым арыгінальным падарункам на свой дзень народзінаў Уладзімір Пуцін назваў усурыйскае тыграня. Гэты падарунак ён атрымаў у 2008 годзе ад расейскага тэлевядоўцы Мікалая Драздова «за высілкі па захаваньні папуляцыі гэтага тыгра ў прыродзе».

У верасьні дэпутат Дзярждумы Расеі Ігар Зотаў прапанаваў у дзень народзінаў Пуціна 7 кастрычніка ўсталяваць новую памятную дату — Дзень ветлівых людзей. Адпаведны законапраект унесьлі на разгляд Дзяржаўнай Думы. Новае сьвята мае быць прысьвечанае расейскім вайскоўцам, якія забясьпечылі анэксію Крыму Расеяй.