Пасьпяховыя рэформы ва Ўкраіне — найлепшы адказ Крамлю, — меркаваньне экспэртаў

Пятро Парашэнка

Украіна можа перамагчы Расею ня столькі ваенным шляхам, колькі шляхам дэманстрацыі пасьпяховых рэформаў. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты, камэнтуючы плян рэформаў ва Ўкраіне, які ўчора абвясьціў Пятро Парашэнка.

Прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань адзначае, што ў пытаньні правядзеньня рэформаў ва Ўкраіне трэба ўлічваць як зьнешнія, так і ўнутраныя фактары:

Аляксей Гарань

«Унутраны — гэта неабходнасьць ачышчэньня ўлады і барацьбы з карупцыяй. Гэта частка рэформаў, і прэзыдэнтам гэта менавіта так і задэкляравана. Пытаньне ў тым, як гэта зрабіць. У гэтым сэнсе вельмі важны напрамак — гэта датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Сёньня ў парлямэнце сканцэнтраваліся прадстаўнікі ранейшай улады, і якраз яны нядаўна зарубілі закон аб антыкарупцыйным бюро. Гэта толькі яшчэ раз пацьвярджае, што датэрміновыя выбары патрэбныя, яны прывядуць новых людзей у парлямэнт. Увогуле цяпер ужо зразумела, што новы парлямэнт ня будзе ідэальны, але ў ім будзе дастаткова ўстойлівая праэўрапейская, прарэфарматарская большасьць. Зразумела, ускладняе пэрспэктывы рэформаў расейская інтэрвэнцыя ва Ўкраіну. Безумоўна, гэта адцягвае калясальныя сілы. Але я думаю, што мы павінны зыходзіць з таго, што перамагчы ў гэтым супрацьстаяньні мы можам ня столькі ваенным шляхам, колькі шляхам дэманстрацыі таго, што мы можам стаць больш пасьпяховай краінай — так, як гэта ў свой час прадэманстравала ФРГ або Паўднёвая Карэя».

Экспэрт адзначае, што пры правядзеньні рэформаў Украіне будзе вельмі патрэбная падтрымка Эўразьвязу і ЗША.

Нягледзячы на тую вайну, якую вядзе супраць нас Расея, мы павінны сканцэнтравацца на ўнутраных рэформах

«Асацыяцыя з Эўразьвязам — гэта таксама своеасаблівы плян рэформаў. Зараз імплемэнтацыя зоны свабоднага гандлю адкладзеная, але ўжо цяпер Украіна атрымала істотныя прэфэрэнцыі — украінскія тавары ў ЭЗ абкладаюцца нулявой мытнай стаўкай. І гэта таксама важная дапамога рэформам ва Ўкраіне. То бок я думаю, што нягледзячы на тую вайну, якую вядзе супраць нас Расея, мы павінны сканцэнтравацца на ўнутраных рэформах і пры гэтым разьлічваць на тую дапамогу, якую павінна аказаць трансфармацыі нашай эканомікі дамова з ЭЗ», — кажа Гарань.

Што тычыцца плянаў Парашэнкі падаць заяўку на сяброўства ў Эўразьвязе да 2020 году, то гэта перш за ўсё трэба ўспрымаць як напрамак руху Ўкраіны, а далёка не як сам факт уваходжаньня ў ЭЗ:

«Гэта складаная задача. Мы павінны добра разумець тыя цяжкасьці, якія стаяць на гэтым шляху. Але я хачу адзначыць, што ён (Парашэнка — РС) не бярэ на сябе нейкіх завышаных абавязаньняў, што Ўкраіна стане сябрам Эўразьвязу — гаворка ідзе аб падачы заяўкі. Гэта ўсё ж такі трошкі іншае».

Андрэй Ягораў

Беларускі палітоляг, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што абвяшчэньне плянаў падаць заяўку на сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе да 2020 году выглядае моцным крокам, асабліва на фоне заявы Брусэля пра тое, што дзьверы ў ЭЗ адчыненыя для краінаў «Усходняга партнэрства». Але іншае пытаньне — ці сапраўды ў 2020 годзе Ўкраіна будзе гатовая да ўваходжаньня ў Эўразьвяз? Для гэтага Ўкраіна павінна прайсьці доўгі шлях унутраных рэформаў, і на гэтым шляху яе чакае шмат перашкод, кажа палітоляг.

«Без спыненьня ваеннага канфлікту, безумоўна, гэтыя рэформы ня могуць быць пасьпяховымі. Немагчыма адначасова весьці вайну і рабіць рэформы — нейкім чынам гэтае пытаньне павінна быць вырашана.

Немагчыма адначасова весьці вайну і рабіць рэформы

Акрамя таго, Расея будзе рабіць усё, што магчыма, каб ня даць Украіне ісьці па шляху эфэктыўных рэформаў — яна будзе шчыльна ўлазіць ва ўнутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне, будзе спрабаваць дэстабілізаваць сытуацыю, бо посьпех рэформаў ва Ўкраіне, дэмакратычная і заможная Ўкраіна — гэта тое, што будзе вельмі падрываць аўтарытэт сёньняшняга расейскага рэжыму, і ён будзе рабіць усё магчымае, каб не дапусьціць гэтага», — упэўнены Ягораў.

Палітоляг таксама адзначае, што пасьпяховасьць рэформаў будзе залежаць ад складу Вярхоўнай Рады, выбары ў якую адбудуцца 26 кастрычніка.

«Рэформы, якія трэба зрабіць ва Ўкраіне, — іх трэба рабіць вельмі хутка і вельмі рашуча. А для гэтага ў прэзыдэнта Парашэнкі няма дастатковых паўнамоцтваў, бо тая Канстытуцыя, якая дзейнічае сёньня ва Ўкраіне, яна абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта, і яму патрэбна вельмі ляяльная Вярхоўная Рада, каб ажыцьцяўляць гэтыя рэформы. Невядома, што будзе пасьля выбараў у Вярхоўную Раду, ці зможа Парашэнка атрымаць рэфармісцкі склад Рады, ці не. Але ад гэтага фактычна будзе залежаць рэалізацыя любых амбітных плянаў рэформаў», — падкрэсьлівае Ягораў.