«Мільярд даляраў — гэта толькі прыгожая лічба» — экспэрт пра беларуска-малдаўскі гандаль

Беларусі і Малдове трэба арыентавацца на таваразварот у адзін мільярд даляраў. Пра гэта заявіў у Кішынёве Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы са сваім малдаўскім калегам Мікалаем Цімафці.

Калі зыходзіць з вынікаў 2013 году, то гэта азначае павелічэньне ўзаемнага гандлю ўтрая, бо летась Беларусь і Малдова нагандлявалі на 360 мільёнаў даляраў.

На думку Лукашэнкі, шлях да значнага росту таваразвароту ляжыць праз вытворчую каапэрацыю і выхад з супольнай прадукцыяй на рынкі Эўразьвязу і трэціх краін.

«Гэта толькі добрыя пажаданьні і ня болей за тое, толькі прыгожая лічба», — выказвае сваё меркаваньне ў размове са Свабодай эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы

«Калі мы самі ня можам выйсьці на заходнія рынкі, то чаму мы думаем, што гэта атрымаецца праз Малдову? Мабыць, ёсьць спадзяваньні, што пасьля падпісаньня Малдовай дакумэнтаў аб асацыяцыі з Эўразьвязам адразу загарыцца зялёнае сьвятло на заходніх рынках. Там пакуль толькі зьменшаныя экспартныя пошліны для выхаду на эўрапейскі рынак. Але ж нашы праблемы палягаюць ня ў коштах, напрыклад, тых жа трактароў. Праблема — іх якасьць. І ў мяне вялікі сумнеў, што калі нават адкрыць у Малдове супольную беларуска-малдоўскую вытворчасьць, трактары стануць тэхналягічна лепшымі. А бяз гэтага каму яны патрэбныя ў Эўразьвязе?»

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у Беларусь з Малдовы імпартуюцца найперш вінаматэрыялы і вінаграднае віно, моцныя сьпіртовыя напоі, сьвежая садавіна.

«Уласна кажучы, там больш амаль нічога і няма, — канстатуе Сяргей Чалы. — Прамысловасьць канцэнтруецца ў Прыднястроўі. Ёсьць пара электрастанцыяў, дый тыя, калі я не памыляюся, належаць украінскім алігархам. Так што там складана нават нешта прамысловае знайсьці».

Асноўныя артыкулы беларускага экспарту ў Малдову — нафтапрадукты, тытунёвыя вырабы, трактары, аўтамабілі, керамічная плітка.