Расейскія вайскоўцы праводзяць ратацыю падразьдзяленьняў, а не выводзяць войскі з Украіны, заявіў афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Андрэй Лысенка.
Паводле яго слоў, пацьверджаньняў вываду расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі ў Кіева няма.
Учора прадстаўнік НАТО, падпалкоўнік Джэй Джанзэн заявіў, што Паўночнаатлянтычны саюз зафіксаваў вывад значнай часткі расейскіх вайскоўцаў з Украіны.
Пры гэтым частка расейскіх войскаў працягвае заставацца на тэрыторыі Ўкраіны, і іх колькасьць ўсталяваць цяжка.
Акрамя гэтага, паблізу ўкраінскай мяжы па-ранейшаму дыслякаваная вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў, адзначыў Джанзэн.
Масква абвяргае абвінавачваньні ўкраінскага кіраўніцтва, НАТО і шэрагу заходніх палітыкаў у падтрымцы сэпаратыстаў, якія ваююць ва Ўкраіне, а таксама ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на ўкраінскай тэрыторыі расейскіх войскаў.