У Менску пакажуць «Гісторыю Данецку»

У сядзібе партыі БНФ а 18.00 адбудзецца прагляд дакумэнтальнай стужкі «Іншы „Чэлсі“. Гісторыя Данецку».

Гэта дабрачынная акцыя-маратон, якую праводзіць грамадзкі Камітэт салідарнасьці з Украінай з мэтай збору сродкаў для пацярпелых ва Ўкраіне.

Імпрэза мае назву «Два дні дзеля жыцьця» і праводзіцца на знак салідарнасьці з аналягічнай акцыяй ва Ўкраіне, паведаміла сябра Камітэту Ганна Шапуцька:

«Дабрачынны фэстываль-маратон „Два дні дзеля жыцьця“ цяпер адбываецца ва Ўкраіне, зборы ахвяраваньняў ад яго пойдуць на дапамогу вайсковым шпіталям, уцекачам і на іншыя патрэбы. Мы далучыліся да гэтага маратону паказам фільму „Іншы „Чэлсі“. Гісторыя Данецку“ нямецкага кінарэжысэра Якаба Пройса, які доўга жыў у гэтым горадзе і выклаў у фільме перадгісторыю таго, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Мы далучаемся да гэтага ўкраінскага маратону праз паказ фільмаў пра Ўкраіну. Бо каб быць салідарнымі з Украінай, трэба лепш ведаць гісторыю гэтай краіны. У нас гэткі маратон-кінапрагляд заплянаваны на працяглы час і будзе праводзіцца праз адзін тыдзень. Сродкі, сабраныя падчас дабрачыннай акцыі, таксама будуць накіраваныя на патрэбы абаронцаў Украіны».