Ноч у Данбасе прайшла без баёў

У зоне канфлікту ў Данбасе на працягу ночы з 22 на 23 верасьня прыкметна зьнізілася актыўнасьць баевікоў і расейскіх войскаў.

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісаў каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітрый Тымчук.

«Мінулая ноч у зоне супрацьстаяньня прайшла спакойна, група „Інфармацыйны супраціў“ не зафіксавала абстрэлаў пазыцый сіл Антытэрарыстычнай апэрацыі », — напісаў ён. Разам з тым, на працягу ўчорашняга дня (22 верасьня) заставалася напружанай сытуацыя ў раёне населеных пунктаў Луганск і Шчасьце (Луганская вобласьць), а таксама населеных пунктаў Данецк, Дэбальцава, Красногораўка, Мар’інка, Наватроіцк, Шырокіна (Данецкая вобласьць).

Хоць мінулая ноч у зоне супрацьстаяньня прайшла спакойна, на працягу папярэдняга дня баевікамі было праведзена некалькі дзясяткаў абстрэлаў пазыцый украінскіх войскаў са стралковай зброі, мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі. У прыватнасьці 7 раз былі абстраляныя пазыцыі украінскіх войскаў у аэрапорце «Данецк», 4 разы баевікі спрабавалі штурмаваць апорны пункт паблізу населенага пункта Некішына.

"Усе спробы былі адбітыя, суперніку са стратамі давялося адступіць",— паведаміў Тымчук.