На тэрыторыю Белага дома пранік невядомы. Сакрэтная служба ЗША ўзмацняе ахову

Барак Абама

Сакрэтная служба ЗША (The US Secret Service) абвясьціла аб узмацненьні захадаў па ахове Белага дома пасьля таго, як у пятніцу на тэрыторыю адміністрацыі амэрыканскага прэзыдэнта пракраўся невядомы.

Аб дадатковых захадах паведаміла дырэктар Сакрэтнай службы Джулія Пірсан.

19 верасьня невядомы пранік на тэрыторыю Белага дома, пераскочыўшы праз плот. У сувязі зь яго дзеяньнямі праводзілася частковая эвакуацыя супрацоўнікаў адміністрацыі. Прэзыдэнта Барака Абамы ў момант надзвычайнага здарэньня ў рэзыдэнцыі не было.

Перш чым невядомы быў затрыманы, яму ўдалося пераадолець некаторую адлегласьць. Паведамляецца, што ён быў узброены нажом. Стала вядома і імя мужчыны, гэта нехта Амар Гансалес. Яму 42 гады. Ён з Тэхасу. Паводле словаў аднаго зь яго былых суседзяў, Гансалес раней быў вайскоўцам, але, як ён сам аднойчы распавёў, яго звольнілі па стане здароўя.

«Ахоўнікі прадэманстравалі вялікую вытрымку і дысцыпліну ў сытуацыі, якая склалася, але з фактам таго, дзе быў затрыманы Гансалес, мірыцца нельга», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні Сакрэтнай службы, якая адказвае, у тым ліку, за бясьпеку прэзыдэнта краіны.