Амэрыканскую вайсковую дапамогу Ўкраіне ўхвалілі ў сэнацкім камітэце

Сэнатар Робэрт Мэнэндэс, адзін з ініцыятараў законапраекту.

Камітэт у замежных стасунках Сэнату ЗША аднагалосна зацьвердзіў законапраект аб наданьні вайсковай дапамогі Ўкраіне і новых санкцыях супраць Расеі.

Акт у падтрымку свабоды ва Ўкраіне быў ініцыяваны сэнатарам ад партыі Дэмакратаў Робэртам Мэнэндэсам і сэнатарам-Рэспубліканцам Бобам Коркерам.

Невядома, калі законапраект паступіць на галасаваньне ў Сэнат ЗША, бо ён зацьверджаны камітэтам ў апошні дзень перад перапынкам ў працы Сэнату да лістапада.

Законапраект ідзе далей, чым пакет дапамогі Ўкраіне, абвешчаны адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Барака Абамы 18 верасьня, які прадугледжвае «нелетальную» вайсковую дапамогу на $46 мільёнаў. Гэты тэрмін значыць усё «што ня ёсьць зброяй, боепрыпасам ці іншым абсталяваньнем альбо матэрыялам, які прызначаны для нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў альбо сьмерці».

Законапраект Мэнэндэса-Коркера прадугледжвае вайсковую дапамогу на $350 мільёнаў, у тым ліку «летальную». Таксама прадугледжаныя магчымасьці санкцыяў супраць кампаніяў «Рособоронэкспорт» і «Газпрому».