Нямецкая кампанія прапануе ўзнагароджаньне ў 30 мільёнаў даляраў за інфармацыю і доказы па справе аб крушэньні самалёта рэйса MH17 кампаніі «малайзійскай авіялініі» ў небе над Украінай 17 ліпеня.
У заяве кампаніі па расьсьледаваньні Wifka гаворыцца, што яе ананімны кліент паабяцаў даць такія грошы і забясьпечыць патэнцыйнаму інфарматару «новую ідэнтычнасьць», гарантаваўшы такім чынам яго бясьпеку.
Сярод пытаньняў, якія ставіць Wifka: «Хто зьбіў самалёт рэйса MH17 17 ліпеня?», «Хто аддаў загад?», «Хто прыкрываў гэтыя дзеяньні?», «Хто прымаў непасрэдны ўдзел?», «Што здарылася зь людзьмі, якія ўдзельнічалі ў гэтым? »
Кампанія Wifka нагадвае, што ўсе 298 чалавек на борце самалёта загінулі і, нягледзячы на абяцаньні з боку урадаў і міжнародных арганізацый высьветліць абставіны аварыі і прадставіць доказы, «нічога з гэтага ня зроблена».
Самалёт рэйса МН17 быў зьбіты на Данеччыне ў раёне, кантраляваным прарасейскімі сэпаратыстамі. «Сьведчаньняў таго, што прычынай авіякатастрофы МН17 сталі тэхнічныя непаладкі або дзеяньні экіпажу, няма», — гаворыцца ў дакладзе нідэрляндзкай Рады расьсьледаваньняў у пытаньнях бясьпекі.
Высновы экспэртаў фактычна пацьвярджаюць вэрсію пра тое, што самалёт «малайзійскай авіяліній» быў зьбіты ракетай, але не даюць адказу на пытаньне, хто менавіта гэта зрабіў.
У свой час за інфармацыю, якая дапамагла б злавіць альбо ліквідаваць кіраўніка «Аль-Каіды» Ўсаму бін Лядэна, ЗША запрапанавалі ўзнагароду ў 27 мільёнаў даляраў.